Выстава-конкурс артэфактаў з фондаў Дамоў рамёстваў Віцебскай вобласці "Рэліквія" пазнаёміць з этнаграфічнай спадчынай рэгіёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (ВАМЦНТ).

У экспазіцыю ўвайшлі найбольш цікавыя і аўтэнтычныя прадметы побыту і традыцыйных народных рамёстваў. Сярод іх - народны жывапіс і абразы, маляванкі; лубачныя гравюры на дрэве, роспіс па шкле, лакавая мініяцюра, пісанкі, драўляная скульптура, куфры, мастацкая апрацоўка бяросты, бондарства; глухая і празвінная разьба, ганчарства, гліняныя цацкі, кафлярства; кавальскія вырабы, мастацкая апрацоўка скуры, шапавальства, прадметы народнага адзення, вышыўка і ткацтва ў розных тэхніках, вязанне касцяной іголкай; мастацкая апрацоўка косці; лазапляценне, спіральнае пляценне з саломы; плецены абутак, самабытныя музычныя інструменты і інш. "Усё гэтае разнастайнасць заклікана прадэманстраваць нашу багатую традыцыйную народную культуру, абудзіць цікавасць майстроў і насельніцтва да яе больш глыбокага пазнання і збірання ўнікальных помнікаў побыту", - адзначылі ў цэнтры.

Выстава пачынае сваю працу сёння ў выставачнай зале ВАМЦНТ. Азнаёміцца з ёй можна будзе да 16 снежня. Падчас яе правядзення пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў абласной выставы-конкурсу традыцыйных вясельных галаўных убораў і атрыбутаў "Вянок нявесты". -0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)