Многія жыхары нашага раёна ўжо звярнулі ўвагу на яркія маляўнічыя банэры, размешчаныя па вул. Чуйкова, пры ўездзе ў горад з боку трасы Мінск — Віцебск і па ўсёй працягласці вуліцы.

Многія жыхары нашага раёна ўжо звярнулі ўвагу на яркія маляўнічыя банэры, размешчаныя па вул. Чуйкова, пры ўездзе ў горад з боку трасы Мінск — Віцебск і па ўсёй працягласці вуліцы. З яркіх фота на нас глядзяць твары нашых землякоў: тытулаваных спартсменаў, удзельнікаў творчых калектываў, юных пераможцаў алімпіяд, актывістаў гімназіі імя І.Ерашова, сярэдняй школы №3… Гледзячы на гэтыя фота, мы ганарымся поспехамі сваіх землякоў, якія на працягу многіх гадоў праслаўляюць родны Лепель не толькі на ўзроўні вобласці, рэспублікі, але і далёка за яе межамі.

Пра тое, як узнікла ідэя стварэння банэраў, далейшую працу па яе ажыццяўленні, добраўпарадкаванне горада і раёна пойдзе наша гутарка з намеснікам старшыні Лепельскага райвыканкама Віктарам Азарёнкам.

Згодна з даручэннем старшыні райвыканкама Барыса Ефрэмава, быў распрацаваны праект па добраўпарадкаванні горада. Каб вуліцы горада выглядалі ярка і пазнавальна, было прынята рашэнне ўсталяваць уздоўж іх праезнай часткі банэры. Аднак на іх мы запланавалі размясціць менавіта тых людзей, якія жывуць побач з намі. Лепельшчына ганарыцца імёнамі юных эрудытаў, пераможцаў творчых конкурсаў, цудоўных выканаўцаў, выдатных спартсменаў. Акрамя таго, у раёне ёсць нямала працоўных калектываў, якія маюць высокія вытворчыя паказчыкі. У нас ёсць цудоўныя шматдзетныя сем'і, якія сталі ўзорам у выхаванні дзяцей.

Няма магчымасці прайсці міма банэра, размешчанага каля аўтавакзала, з фота каманды юных інспектараў дарожнага руху сярэдняй школы №3 з яе куратарам — старшым дзяржаўтаінспектарам аддзела ДАІ Лепельскага РАУС Валерыем Лешчанкам. Вось ужо не першы год рабяты становяцца пераможцамі раённага злёту юных інспектараў дарожнага руху і займаюць прызавыя месцы на ўзроўні вобласці. З іншага боку можна ўбачыць фота каманды юных ратавальнікаў-пажарных гімназіі ім. І.Ерашова. Яна стала пераможцай рэгіянальных, абласных спаборніцтваў юных ратавальнікаў-пажарных і не адзін год паспяхова прымала ўдзел у Міжнародным злёце юных ратавальнікаў-пажарных, які праводзіўся ў г. Гомелі. Падрыхтоўкай каманды займаецца інспектар нагляду і прафілактыкі Лепельскага РАНС Ягор Зіноў, на фота з рабятамі — інспектар прапаганды і прафілактыкі РАНС Аляксандр Садоўскі.

Кілька банэраў устаноўлена і пры ўездзе ў г. Лепель, у раёне аўтазаправачнай станцыі канцэрна "Белнафтахім". На адным з іх — фота майстра спорту па дзюдо, заслужанага майстра спорту па самба, неаднаразовага пераможцы чэмпіянатаў Еўропы і свету па самба, пераможцы I Еўрапейскіх гульняў па самба ў Баку Сцяпана Попава, які ўзнагароджаны прэстыжнай прэміяй Fair Play за высакароднасць у адносінах да суперніка. З другога боку банэра — фота лепельчанкі Лізаветы Аношка, неаднаразовага прызёра і пераможцы Першынства і Кубка Рэспублікі Беларусь, двухразовага сярэбранага прызёра Чэмпіянату Еўропы-2016 па веславанні на байдарках і каноэ. У гэтым жа раёне ўстаноўлены банэр з фота Заслужанага аматарскага фальклорнага калектыву "Сунічкі". Юныя артысты праславілі Лепельшчыну не толькі па ўсёй рэспубліцы, а і за мяжой, сваімі яркімі выступленнямі заваёўваюць сэрцы шматлікіх прыхільнікаў беларускага фальклору. З адваротнага боку банэра можна ўбачыць фота Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь "Скарбонка". Непаўторныя вырабы майстроў выклікаюць захапленне ў цэніцеляў мастацтва з усёй рэспублікі, іх жа можна ўбачыць на выстаўках, якія праводзяцца падчас гарадскіх святаў.

Праязджаючы далей па вуліцы Чуйкова, немагчыма не заўважыць маляўнічы банэр установы "Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край". Банэр уражвае арыгінальным афармленнем, удала прадстаўляючы працу творчых і тэхнічных работнікаў рэдакцыі.

Арыгінальна выглядае банэр, падрыхтаваны аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Ён размешчаны на скрыжаванні вуліц Чуйкова і Барысаўскі тракт. З аднаго боку — заклік да стварэння безбар'ернага асяроддзя, а з другога — прапаганда здаровага ладу жыцця: агітацыя супраць ужывання наркотыкаў, алкаголю і тытунекурэння. "Добрыя звычкі прывіваюцца з дзяцінства", — гэты надпіс на банэры не можа застацца незаўважанай.

За гэтымі яскравымі якаснымі фота — немалыя матэрыяльныя затраты і карпатлівая праца многіх людзей. Асаблівых слоў удзячнасці заслугоўвае дырэктар КУП ДРАЦ "Жамчужына" Вера Закрэўская, якая не адзін год кіравала раённай арганізацыяй ГА "Белая Русь". Вера Іванаўна вылучыла фінансавыя сродкі на выраб банэра з фота юных пераможцаў алімпіяд па розных прадметах, творчых конкурсаў і г.д. Гэты банэр устаноўлены ў раёне майстэрняў аграрна-тэхнічнага каледжа. Шчырыя словы падзякі за выраб банэра хочацца выказаць кіраўніцтву рэдакцыі раённай газеты "Лепельскі край". Велізарная падзяка начальніку КУП "Праектна-архітэктурнае бюро Лепеля і раёна" Яўгену Яско, работнікам КУВП "Бароўка" Таццяне Буйніцкай, Дзмітрыю Шуневічу і іншым за працу па ўстаноўцы банэраў.

У канцы ліпеня прайшла рабочая нарада райвыканкама, на якой распрацаваны пратакол даручэнняў кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў. Да Дня горада ў Лепелі плануецца ўсталяваць шэраг банэраў, прысвечаных прапагандзе здаровага ладу жыцця, сямейных і культурных каштоўнасцей. Лепельчане ўбачаць банэр з фота шматдзетнай сям'і Петрышча, над якім працуе кіраўніцтва УАЗ "Лепельская ЦРБ". Нікога не пакіне абыякавым банэр гімназіі ім. І.Ерашова з фота выпускніцы Аліны Клавовіч. Аліна неаднаразова прымала ўдзел у абласных, была ўдзельніцай рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. У гэтым годзе яна набрала сто балаў па англійскай мове пры паступленні ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, стала яго студэнткай. Бароўскай сярэдняй школай вырабляецца банэр з фота выпускніка Івана Мурзіна, які быў пераможцам раённых алімпіяд па гісторыі, грамадазнаўстве, прызёрам абласной, а таксама ўдзельнікам рэспубліканскай алімпіяд па гісторыі і паспяхова паступіў на юрыдычны факультэт БДУ, набраўшы сто балаў па гісторыі Беларусі. Каля будынка СШ №3 усталююць трохбаковы банэр, на якім можна будзе ўбачыць фота лепшых вучняў школы.

Прыцягнуць увагу лепельчан таксама банэры ДУ "Лепельскі раённы ЦГЭ", прысвечаны прафілактыцы здаровага ладу жыцця, Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа і іншыя.

Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: вось так выглядаюць банэры на вуліцы Чуйкова.
Фота аўтара.