2 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На вадаёмах Віцебскай вобласці з пачатку года выратавана пяць рыбакоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах (БРПАВ).
"Усе выратаваныя - аматары зімовай лоўлі рыбы, якія з-за ўласнай неасцярожнасці і занядбання правіламі паводзін на вадзе ледзь не пазбавіліся жыцця", - падкрэслілі спецыялісты. Ахвярамі вады з пачатку года сталі 8 чалавек. Найбольш рэзанансны выпадак адбыўся ў Браслаўскім раёне, дзе ў пачатку студзеня двое рыбакоў загінулі на возеры Заборна паблізу вёскі Баруны, праваліўшыся пад лёд. Трэцяга ўдалося выратаваць відавочцам. "Характэрна, што ўсе выпадкі гібелі на вадзе адзначаны ў першым месяцы года. Люты ў рэгіёне з-за маразоў прайшоў зусім спакойна", - дадалі ў БРПАВ.
Першую палову сакавіка надвор'е ў Віцебскай вобласці захавае зімовы характар, паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Дзённая тэмпература паветра на бліжэйшым тыдні будзе вагацца каля нуля, начная - апускацца да 5-10 градусаў марозу, а пры праясненнях - да 15 градусаў ніжэй за нуль. Подых вясны жыхары самага паўночнага рэгіёна Беларусі змогуць адчуць толькі ў другой палове месяца, на якую прыйдзецца пачатак разбурэння ледзянога покрыва вадаёмаў. "Аднак ужо зараз пры выхадзе на лёд варта выконваць асцярожнасць", - падкрэслілі спецыялісты.-0-
БЕЛТА
З пачатку года на вадаёмах Віцебскай вобласці выратавана пяць рыбакоў
2.3.20120 праглядаў