Каб аб'ектыўна ацаніць карціну, лепш убачыць яе на свае вочы – такі падыход у працы ўжо даўно стаў звыклым для прадстаўнікоў мясцовай улады, а таксама дэпутацкага корпуса. Сёння адбылося выязное пасяджэнне раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта.
Першая пленарная частка традыцыйна прайшла ў зале пасяджэнняў. Яна была прысвечана пытаннямі жыцця вяскоўцаў. Удзельнікі сустрэчы закранулі рэальныя праблемы жыхароў Валасовіцкага, Домжарыцкага і Бароўскага сельсаветаў. У спісе хвалюючых вяскоўцаў пытанняў апынуліся якасць пітной вады, вулічнае асвятленне, стан смеццевых кантэйнераў, багацце бяздомных жывёл, рамонт дарог і іншыя.
Другая частка сустрэчы прайшла за межамі залы пасяджэнняў. Кіраўнікі і дэпутаты наведалі некалькі аб'ектаў. Спачатку лепельчане ўсклалі вянкі і кветкі да магіл загінулых у гады вайны салдат, а затым арганізавана пераехалі да першага на маршруце аб'екта.
Арганізацыя адпачынку на гарадскім пляжы – гэтая тэма апынулася ў цэнтры ўвагі. Госці пазнаёміліся з працай спартыўнага лагера «Альбатрос», аздараўленнем дзяцей у кругласутачным лагеры «Бароўка», нялёгкай службай ратавальнікаў «АСВОД». Падчас візіту на гэты аб'ект было адзначана, што гарадскі пляж у Лепелі ўваходзіць у тройку лепшых у Віцебскай вобласці.
Яшчэ адным пунктам у маршруце спецыялістаў стаў Лепельскі раённы краязнаўчы музей. Сёння, у дзень 80-годдзя з дня Вялікай Айчыннай вайны, там адбылася прэзентацыя кнігі «Лепельскае мінамётнае вучылішча».