12 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Самая законапаслухмяная моладзь Віцебскай вобласці жыве ў Докшыцкім і Расонскім раёнах. У дадзеных рэгіёнах за студзень-кастрычнік бягучага года не зарэгістравана злачынстваў непаўналетніх, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Ірына Януковіч.
У цэлым па выніках 10 месяцаў у вобласці зарэгістравана 325 злачынстваў, учыненых непаўналетнімі і пры іх саўдзеле, што на 19,2% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Удзельная вага падлеткавай злачыннасці ў агульнай склала 5%. Пры гэтым адзначаецца паляпшэнне сітуацыі па ўсіх напрамках, адзначыла Ірына Януковіч. Так, менш злачынстваў учынена падлеткамі ў стане алкагольнага ап'янэння, групай асоб, якія ўжо маюць судзімасць. На 12% да 324 чалавек знізілася колькасць падлеткаў, уцягнутых у злачынную дзейнасць. Таксама адзначаецца зніжэнне ўчыненых падлеткамі асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў, крадзяжоў, махлярстваў, хуліганстваў, угонаў транспартных сродкаў, рабаванняў і г.д.
"Разам з тым адзначаецца рост падлеткавай злачыннасці ў Віцебскім, Глыбоцкім, Лепельскім, Ушацкім, Полацкім і Шумілінскім раёнах. Прадстаўнікам зацікаўленых ведамстваў дадзеных рэгіёнаў вобласці варта надаць большую ўвагу прафілактычнай працы", - падкрэсліла Ірына Януковіч.
За студзень-верасень органамі пракуратуры Віцебскай вобласці праведзена 191 праверка па выкананні заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі, па выніках якіх вынесена 748 актаў пракурорскага нагляду, 172 прадстаўленні, 81 прадпісанне, прынесена 36 пратэстаў, аб'яўлена 459 афіцыйных папярэджанняў. Да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай, матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 395 службовых асоб, што на 25% больш у параўнанні з аналагічным узроўнем мінулага года. У органы дзяржаўнай улады накіравана 36 інфармацыйных запісак аб стане законнасці і злачыннасці сярод непаўналетніх.-0-
БЕЛТА
Самая законапаслухмяная моладзь Віцебскай вобласці жыве ў Докшыцкім і Расонскім раёнах
12.11.20120 праглядаў