11 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Саманта Фокс, Крыс Норман, Алесандра Сафіна і "Бураноўскія бабулі" возьмуць удзел у канцэрце ўрачыстага адкрыцця XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Сёння журналістаў пазнаёміў з афішай фестывалю генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На галоўным канцэрце "Славянскага базару" таксама выступяць Ірына Алегрова, Валерыя, Леў Лешчанка, Барыс Маісееў. Аляксандр Разенбаўм, дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца імя Ігара Маісеева, Аляксандр Рыбак, тэатр Андрэя Данілкі, Аннэ Вескі. А вось імёны беларускіх удзельнікаў канцэрта адкрыцця будуць названы пазней, таксама як і выканаўцаў на гала-канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі на нацыянальным дні культуры. Упершыню за ўвесь час правядзення фестывалю Беларусь так доўга трымае паўзу перад тым, як назваць імёны сваіх эстрадных зорак. Расія і Украіна ўжо вызначыліся з тымі, каму давераць сёлета прадстаўляць сваё мастацтва. Дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца ім. Ігара Маісеева дасць юбілейны канцэрт, прысвечаны 75-годдзю ансамбля ў Дзень культуры Расіі. Тэатр Андрэя Данілкі будзе самым вядомым на канцэрце, прысвечаным Дню культуры Украіны. Традыцыйна на фестывалі пройдзе Дзень Саюзнай дзяржавы. Юбілей знакамітага расійскага танцавальнага калектыву будзе не адзіным на сёлетнім "Славянскім базары". "Нам 25! Усё пачынаецца спачатку" - такую назву сваёй святочнай праграме даў Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. У суправаджэнні аркестра выступяць Сяргей Дробаценка, Максім Дунаеўскі, Вікторыя П'ер-Мары. Калі аркестр Міхаіла Фінберга адзначае чвэрць стагоддзя свайго існавання, то Леў Лешчанка адзначыў паўвекавы юбілей сцэнічнай дзейнасці і 70-годдзе з дня нараджэння. Бенефіс любімага многімі артыста пройдзе на сцэне Летняга амфітэатра на "Славянскім базары". У дні фестывалю ў Летнім амфітэатры таксама пройдуць сольныя канцэрты Валерыі, Аляксандра Разенбаўма, Ірыны Алегровай, Сяргея Пянькіна. Яшчэ адной пляцоўкай фестывалю, па традыцыі, з'яўляецца канцэртная зала "Віцебск". Тут выступяць Пелагея, Барыс Маісееў і пройдуць спектаклі праекта "Тэатральныя сустрэчы".