Больш за 200 дзяцей прымаюць удзел у забавах, конкурсах сёння ў Віцебскім раёне.
Тэлемост звязаў усе пляцоўкі, якія арганізаваны ў кожным рэгіёне краіны. Дзеці з усёй Беларусі ўбачылі старт і прывіталі Віцебшчыну.
Пра старт доўгачаканай акцыі «Нашы дзеці» абвясціў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.
– Гэта мерапрыемства, якое мае сімвалічную назву, накіравана на падтрымку і развіццё дзіцячых талентаў, – сказаў Ігар Петрышэнка. – Ініцыятыва была прапанавана Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам амаль 30 гадоў таму і з таго часу аб'яднала ўсю краіну ў імкненні стварыць лепшыя ўмовы для выхавання і адукацыі дзяцей. Нашы дзеці — таленавітыя і добрыя, і дзяржава робіць усё магчымае, каб яны маглі вучыцца, развівацца і рэалізоўваць свае здольнасці.
Ён падкрэсліў важнасць ролі бацькоў і педагогаў у жыцці дзяцей, якія ўкладваюць душу і сэрца ў іх выхаванне.
– Вашы бацькі і настаўнікі — гэта тыя, хто натхняе вас на дасягненні і дапамагае стаць лепш, — дадаў ён.
У гэты чароўны дзень, калі свежы снег упрыгожыў віцебскую зямлю, Дзед Мароз і Снягурка ўжо гатовыя выканаць запаветныя жаданні дзяцей.
– Не выпусціце магчымасць загадаць свае мары, і хай яны збудуцца ў навагоднюю ноч, — пажадаў намеснік прэм'ер-міністра.
Дарэчы, усяго дабрачынная акцыя ахопіць больш за мільён дзяцей. Марафон дабра будзе падарожнічаць па краіне да 15 студзеня. Без увагі і падарункаў не застанецца ніводнае дзіця.