24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД пройдуць 24 і 25 кастрычніка ў Мінску ў Палацы Незалежнасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

У якасці асноўнага пытання на пасяджэнні 24 кастрычніка будзе абмяркоўвацца развіццё інтэграцыі і ход работы над праектам дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

Акрамя таго, плануецца разгледзець пытанні, якія тычацца мадэльнага закона "Аб канкурэнцыі", парадку перамяшчэння наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у Мытным саюзе, выканання бюджэту Еўразійскай эканамічнай камісіі, і шэраг іншых тэм.

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое пройдзе 25 кастрычніка, стане ключавым мерапрыемствам у рамках старшынства Рэспублікі Беларусь у Садружнасці ў 2013 годзе.

Беларускае старшынства праходзіць пад дэвізам "Інтэграцыя на карысць чалавека: умацаванне добрасуседства, развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне павышэнню даступнасці экалагічных "зялёных" тэхналогій, пашырэнне дыялогу культур". У плане па рэалізацыі беларускага старшынства ў СНД больш за 70 мерапрыемстваў эканамічнага, экалагічнага, гуманітарнага і міжрэгіянальнага характару.

Парадак дня саміту ўключае 14 пунктаў, якія ахопліваюць розныя сферы дзейнасці ад гуманітарнага супрацоўніцтва да ўзаемадзеяння па пытаннях бяспекі і эканамічных адносін.

Плануецца зацвердзіць праграмы аб супрацоўніцтве ў барацьбе з тэрарызмам і іншымі гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму на 2014-2016 гады, аб супрацоўніцтве ў барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і процідзеянні наркаманіі на 2014-2018 гады.

Мяркуецца таксама абмеркаваць Міждзяржаўную праграму сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2014-2018 гады, Праграму аб супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД у барацьбе з гандлем людзьмі на гэты ж перыяд.

Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў зацвердзяць Пагадненне аб стварэнні Міждзяржаўнага савета па процідзеянні карупцыі і Канцэпцыю супрацоўніцтва ў барацьбе са злачынствамі, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.