8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Горад Дзісна Міёрскага раёна Віцебскай вобласці – самы маленькі горад Беларусі па колькасці жыхароў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Паводле даных перапісу насельніцтва 2009 года, у Дзісне пражывалі 1 тыс. 973 чалавекі, у тым ліку 897 мужчын і 1 тыс. 76 жанчын. У цэлым для рэспублікі характэрны высокі ўзровень урбанізацыі насельніцтва (ён знаходзіцца на ўзроўні еўрапейскіх дзяржаў). Гараджане складаюць 74,3% усёй колькасці насельніцтва краіны. Такім чынам, кожныя тры з чатырох жыхароў Беларусі – гараджане. Колькасць гарадскіх жыхароў – 7 млн. 65 тыс. чалавек. Паводле даных на 14 кастрычніка 2009 года, колькасць гарадскіх жыхароў склала 7 млн. 64,5 тыс. чалавек. За дзесяцігоддзе з моманту папярэдняга перапісу гараджан стала больш на 103 тыс. чалавек. Прычым удзельная вага гарадскіх жыхароў вырасла ў кожнай вобласці Беларусі. А самая урбанізаваная вобласць – Магілёўская (удзельная вага гараджан у агульнай колькасці насельніцтва рэгіёна склала 75,8%). У Віцебскай і Гомельскай абласцях – па 72,9%, Гродзенскай – 69%, Брэсцкай – 65,6%, Мінскай вобласці – 55,4%. Паводле даных Белстата, рост колькасці гарадскога насельніцтва суправаджаўся канцэнтрацыяй жыхароў у сталіцы і абласных цэнтрах. Калі ў 1999 годзе ў гэтых гарадах пражывалі 49% усіх гараджан краіны, то ў 2009-м – 52%. Абсалютнае павелічэнне колькасці насельніцтва абласных цэнтраў і Мінска за дзесяцігадовы перыяд склала 225 тыс. чалавек. Гарадское насельніцтва пражывае ў 112 гарадах і 94 пасёлках гарадскога тыпу. За дзесяцігоддзе пасля перапісу 1999 года агульная колькасць гарадоў павялічылася на 8, а пасёлкаў гарадскога тыпу паменшылася на 14. Колькасць жыхароў на момант перапісу перавышала 50 тыс. чалавек у 23 гарадах Беларусі, з іх у 13 – больш за 100 тыс. насельніцтва. Сярод дзесяці гарадоў, у якіх колькасць жыхароў знаходзіцца ў межах ад 50 тыс. да 100 тыс. чалавек, – Наваполацк (98,1 тыс.), Ліда (97,6 тыс.), Маладзечна (94,3 тыс.), Полацк (82,5 тыс.), Жлобін (75,9 тыс.), Светлагорск (70 тыс.), Рэчыца (64,7 тыс.), Жодзіна (61,7 тыс.), Слуцк (61,4 тыс.) і Кобрын (51,2 тыс.). Прычым за дзесяцігоддзе паміж перапісамі толькі ў трох гарадах з гэтага спісу колькасць жыхароў павялічылася (у Жлобіне, Жодзіне і Кобрыне), у Полацку яна засталася на ўзроўні 1999 года, а ў астатніх – паменшылася. Па гэтай прычыне, дарэчы, Наваполацк і Ліда страцілі былы статус гарадоў-статысячнікаў.