11 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Самы паўночны ў Беларусі вінаграднік даў першыя плады. Дэгустацыю сёння правялі ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве "Альгоўскае" пад Віцебскам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Віцебскай вобласці садаводы-аматары даўно займаюцца вырошчваннем гэтай паўднёвай ягады і нават выводзяць сарты, прыдатныя для поўначы Беларусі. Аднак пра прамысловае вінаградарства гаворкі да апошняга часу не ішло, пакуль гэтай незвычайнай справай не заняліся ў "Альгоўскім". "Я вырашыў рэалізаваць сябе як грузін, - пажартаваў кіраўнік гаспадаркі Дземіко Надзірашвілі і дадаў ужо сур'ёзна: - Вінаград у Віцебскай вобласці вырошчваць можна". У лістападзе мінулага года гаспадарка высадзіла каля 50 лаз больш за 40 сталовых сартоў мясцовай селекцыі. У жніўні плады пачалі выспяваць. Ягады вагой ад 2 да 12 г па смаку нічым не адрозніваюцца ад салодкіх, хрумсткіх вінаградзінак, выгадаваных на поўдні Еўропы. Нядрэнны ўраджай, па прагнозах, дадуць сарты "кішміш", "талісман" і некаторыя чырвоныя сталовыя сарты.
Акрамя таго, гаспадарка мінулай вясной у адкрыты грунт высадзіла каля 300 лаз марозаўстойлівых сартоў. Лаза добра прыжылася, і, як чакаюць віцебскія вінаградары, праз два-тры гады будзе атрыманы першы вялікі ўраджай.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, пазнаёміўшыся з вінаграднікамі, прапанаваў гаспадарцы разгледзець магчымасць закладкі ягадных плантацый, саду і будаўніцтва сховішча. На яго думку, у прыгарадных гаспадарках усіх раёнаў вобласці неабходна развіваць садаводства, высаджваць ягаднікі, пры гэтым у комплексе варта разглядаць магчымасць глыбокай перапрацоўкі пладоў.-0-
БЕЛТА
Самы паўночны ў Беларусі вінаграднік даў першыя плады
11.8.20120 праглядаў