4 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Санкцыі ў дачыненні да Беларусі не прынясуць станоўчых вынікаў. Такое меркаванне выказаў сёння Апостальскі нунцый у Беларусі архіепіскап Клаўдзіа Гуджэроці на прэс-канферэнцыі ў Касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах дыпламата, заданне, якое ён атрымаў ад Папы Рымскага, накіроўваючыся ў нашу краіну, заключаецца ў тым, каб незалежна ад прычын, якія ляжаць у аснове канфлікту Беларусі і Еўрасаюза, працаваць на карысць Беларусі і яе народа. "Наша дзейнасць будзе накіравана на мінімізацыю вынікаў канфлікту, бо яго наступствы закрануць у першую чаргу жыццё простых людзей", - падкрэсліў Клаўдзіа Гуджэроці.
"Каталіцкая царква не мае ўлады над чыноўнікамі Еўропы ці Беларусі. Аднак прысутнасць пасла Ватыкана ў Беларусі з'яўляецца напамінам іншым дыпламатам, што ізаляцыя і адсутнасць канструктыўнага дыялогу ніколі і нікому не прыносілі і не прынясуць станоўчых вынікаў", - сказаў архіепіскап, выказаўшы надзею, што яго калегі-дыпламаты неўзабаве вернуцца ў Беларусь. "Эскалацыя канфлікту прывяла толькі да таго, што цяпер еўрапейскія чыноўнікі не ведаюць, што рабіць далей, каб выйсці са становішча, якое склалася, і завяршыць гэту сітуацыю", - сказаў ён.
З пункту гледжання паліталогіі процістаянне заўсёды мае тэндэнцыю толькі ўзмацняцца. Палепшыць сітуацыю і зняць напружанне можа нейкае змяненне ў гэтым працэсе. "Каталіцкая царква не ставіць перад сабой амбіцыйную мэту стаць гэтым фактарам, аднак пастараецца ўнесці свой уклад у справу пагашэння гэтага процістаяння", - дадаў Апостальскі нунцый, падкрэсліўшы, што Ватыкан мае дастаткова назапашанага вопыту і ведаў у пытаннях, якія тычацца такіх сітуацый, а прадстаўнікі Святога Прастола, якія знаходзіліся ў краінах, што траплялі ў падобныя становішчы, заўсёды стараліся актыўна працаваць на карысць людзей.
Папа Рымскі Бенедыкт XVI прызначыў архіепіскапа Клаўдзіа Гуджэроці Апостальскім нунцыем у Беларусі 16 ліпеня 2011 года. Раней ён займаў пасаду Апостальскага нунцыя Грузіі, Арменіі і Азербайджана. Гэтая пасада дыпламатычная. Нунцый - дыппрадстаўнік Папы Рымскага ў якой-небудзь краіне, з якой Ватыкан мае дыпламатычныя адносіны.-0-
БЕЛТА
Санкцыі ў дачыненні да Беларусі не прынясуць станоўчых вынікаў - амбасадар Ватыкана
4.4.20120 праглядаў