15 верасня, Мінск /Васіль Малашэнкаў – БЕЛТА/. Збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі пачнецца 30 верасня. Пра гэта сёння на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама паведаміў сакратар камісіі Мікалай Лазавік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Подпісы ініцыятыўныя групы змогуць збіраць да 29 кастрычніка ўключна, што прадугледжана каляндарным планам аргмерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Беларусі. Гэты дакумент быў зацверджаны сёння на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама.
Згодна з планам, падпісныя лісты трэба будзе прадставіць у мясцовыя (гарадскія, раённыя) выбарчыя камісіі не пазней за 29 кастрычніка. Праверка дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў і даных аб іх колькасці будзе ажыццяўляцца на працягу дзесяці дзён пасля здачы лістоў.
Зборшчыкі подпісаў павінны будуць прад'яўляць пасведчанне, выдадзенае выбарчай камісіяй. Падпісныя лісты будуць таксама атрыманы імі ў выбаркамах. У гэтых дакументах павінны быць указаны звесткі аб тым чалавеку, які вылучаецца ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі (месца працы, імя, прозвішча і г.д.). Подпіс у лісце могуць пакідаць толькі грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў, маюць права галасаваць на маючых адбыцца выбарах. Таксама ў адным лісце можна збіраць подпісы жыхароў толькі аднаго горада (раёна). Інакш лісты не прызнаюць у выбаркаме. У лісце павінны быць указаны і пашпартныя даныя выбаршчыка альбо даныя з ваеннага білета, даведкі, якую выдаюць пры страце пашпарта. Пры гэтым у ЦВК нагадалі, што грамадзянін можа ставіць подпіс на карысць таго ці іншага вылучэнца толькі адзін раз.
На адваротным баку ліста зборшчык піша сваё імя і распісваецца. У ЦВК таксама адзначылі, што збіраць подпісы ў інтэрнатах можна толькі ў тыя гадзіны, калі іх могуць наведваць староннія. Акрамя таго, можна збіраць подпісы на пікетах, калі яны праводзяцца ў месцах, дзе гэта не забаронена мясцовымі органамі ўлады.-0-
БЕЛТА
Збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі пачнецца 30 верасня
15.9.20100 праглядаў