20 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полацкі гарадскі выканаўчы камітэт і Полацкі гарадскі Савет дэпутатаў падтрымалі ініцыятыву гарадскога аддзялення ГА "Беларускі фонд міру" аб правядзенні ў Міжнародны дзень міру 21 верасня акцыі "Вахта міру", падчас якой будзе арганізаваны збор сродкаў для ўшанавання памяці ахвяр фашызму, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк. Усе сродкі, сабраныя ў гэты дзень, будуць накіраваны на ўшанаванне памяці загінуўшых і стварэнне мемарыяльнага комплексу ахвяр фашызму "Урочышча Пяскі". "Шмат добрых спраў на полацкай зямлі людзі робяць усім мірам. Збіраючы па крупіцах часціцы гісторыі, мы захоўваем памяць дзеля нашых дзяцей і ўнукаў", - падкрэсліў мэр. Да збору сродкаў на стварэнне мемарыяла далучыліся жыхары нямецкага горада Фрыдрыхсхафен - пабраціма Полацка. Яны маюць намер сабраць каля 150 тыс. еўра, дадаў Аляксандр Пазняк. Па архіўных даных Полацкай абласной надзвычайнай камісіі па ўліку шкоды і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў і іх памагатых, у раёне Пяскоў знаходзіцца месца масавага знішчэння ад 40 да 150 тыс. ваеннапалонных і мірных жыхароў. У 1993-1994 гадах спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Беларусі на гэтым месцы праводзіліся раскопкі, якія пацвердзілі факт пахавання звыш 38 тыс. чалавек. Аднак да гэтага часу дакладная колькасць пахаваных не пацверджана. Дызайнерская прапанова мемарыяла распрацавана.-0-

БЕЛТА