Сёння пачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні
4.5.20110 праглядаў
4 мая, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Сёння пачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні (ЦТ). Рэгістрацыя будзе праводзіцца з 4 мая па 1 чэрвеня ўключна. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Мікалай Феськоў.
Пункты рэгістрацыі будуць працаваць з 9.00 да 19.00 у буднія дні і да 18.00 у суботу. Абітурыент пры рэгістрацыі павінен будзе запоўніць заяву, прадаставіць дакумент аб унясенні платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні (Br10 тыс. за адзін навучальны прадмет), прад'явіць пашпарт або від на жыхарства ў Беларусі, або пасведчанне бежанца, або даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, што сведчыць асобу.
У Беларусі ў гэтым годзе ва ўсіх 73 пунктах рэгістрацыі ўведзена аўтаматызаваная сістэма запісу на ЦТ. Першы этап унядрэння інфармацыйнай сістэмы "Агульнарэспубліканскі банк даных удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання" ахапіў у 2010 годзе пункты тэсціравання Мінска і абласных цэнтраў. Раней такая рэгістрацыя ў парадку эксперыменту праводзілася падчас уступнай кампаніі 2009 года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Унядрэння аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы дазволіць упарадкаваць арганізацыю рэгістрацыі і весці яе па прынцыпе аднаго акна, упэўнены Мікалай Феськоў. Прымяненне новай сістэмы дазволіць цалкам аўтаматызаваць працу пунктаў рэгістрацыі, эканоміць працоўныя затраты і значную колькасць фінансавых сродкаў, забяспечваць рэгістрацыю абітурыентаў у межах аднаго акна. У цэлым сістэма скарачае час на рэгістрацыю аднаго абітурыента за кошт аўтаматызацыі ўсіх этапаў працы з дакументамі і пераводзіць працэс рэгістрацыі на новы ўзровень надзейнасці і аператыўнасці.
Рэзервовы дзень для тых, хто не змог па аб'ектыўных прычынах прыбыць на цэнтралізаванае тэсціраванне па графіку, - 4 ліпеня. Тэрмін рэгістрацыі абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ па навучальных прадметах у рэзервовы дзень - з 27 па 30 чэрвеня.
Першае выпрабаванне (па беларускай мове) пройдзе 14 чэрвеня. 15 чэрвеня абітурыенты здадуць рускую мову, 17 чэрвеня - гісторыю Беларусі, 19 чэрвеня - матэматыку, 21 чэрвеня - грамадазнаўства, 22 чэрвеня - хімію, 23 чэрвеня - сусветную гісторыю найноўшага часу, 25 чэрвеня - фізіку, 26 чэрвеня - біялогію, 28 чэрвеня - замежныя мовы, 29 чэрвеня - геаграфію. Усе выпрабаванні будуць пачынацца а 11.00.
Сертыфікаты, як і ў мінулым годзе, будуць выдадзены ўсім, хто атрымае ад 1 бала і вышэй. Выдача сертыфікатаў усім абітурыентам павялічвае іх шансы на паступленне ў ВНУ і ССНУ як бюджэтнай, так і прыватнай форм уласнасці. Пунктамі рэгістрацыі на ЦТ вызначаны не ўсе ВНУ Беларусі, а толькі некалькі дзясяткаў - там, дзе дазваляюць плошчы. Таму звяртаць увагу пры запаўненні дакументаў неабходна менавіта на тую навучальную ўстанову, дзе згодна з выдадзеным абітурыенту пропускам будзе праходзіць само тэсціраванне.
Пры паступленні ў ССНУ абітурыент можа зарэгістравацца на два тэст-выпрабаванні, у ВНУ - не больш чым па трох навучальных прадметах: па беларускай або рускай мове (па выбары) і па двух прадметах у адпаведнасці з профілем (напрамкам) спецыяльнасці.
Да праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў гэтым годзе будуць дапускацца толькі абітурыенты з непакрытай галавой, гэта значыць без галаўных убораў. Спецыялісты, якія адказваюць за правядзенне ЦТ, не раз адзначалі выпадкі, калі пад кепку, шалік, хустку былі схаваны перадаючыя прылады, шпаргалкі, іншыя экзаменацыйныя "боепрыпасы". У якасці калькулятара дазваляецца выкарыстоўваць толькі прыладу, якая не можа прымаць, захоўваць і перадаваць інфармацыю - мабільныя тэлефоны, планшэты, электронныя кнігі лепш пакінуць дома. На выпрабаваннях па фізіцы і хіміі можна карыстацца найпрасцейшым калькулятарам, які выконвае чатыры арыфметычныя дзеянні, мае адзін рэгістр памяці, а з дадатковых функцый - вылічвае працэнты і квадратныя карані.
Час правядзення ЦТ, колькасць заданняў па кожным прадмеце, тэхналогіі апрацоўкі адказаў засталіся без змен. Як і раней, вынікі будуць прадастаўляцца на працягу 10-12 дзён пасля правядзення выпрабавання.-0-
БЕЛТА