Гэтым разам пытанні мясцовага значэння разглядаліся з удзелам памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Віцебскай вобласці Сяргея Ляўковіча, а таксама дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктара Апяронка.

Арганізацыя ідэалагічнай работы ў Лепельскім раёне – гэтае пытанне стала галоўным на парадку дня, з дакладам па якім выступіла Святлана Шавялёва, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.

Ад таго, наколькі людзі настроены на дасягненне высокіх вынікаў, ці камфортны маральна-псіхалагічны клімат склаўся ў калектыве, залежаць у тым ліку і эканамічныя паказчыкі. А значыць, другарадных пытанняў тут быць не можа. Асаблівую ўвагу неабходна завастрыць на падборы кадраў для выканання пастаўленых задач, – адзначыла дакладчыца.

Сваё важкае слова ў пытаннях арганізацыі ідэалагічнай работы ў рэгіёне сказаў і Сяргей Ляўковіч.


Як адзначыў памочнік Прэзідэнта, адным з самых важных, калі нават не першачарговых, у гэтым напрамку з'яўляецца ўзаемадзеянне з моладдзю і кадрамі маладымі. Кіраўнік, як галоўны ідэолаг у калектыве, абавязаны стварыць камфортныя ўмовы для маладых супрацоўнікаў, ведаць, што хвалюе яго падначаленых і рабіць усё магчымае для замацавання людзей на месцах.

У сваім выступленні перад лепельчанамі Сяргей Віктаравіч таксама закрануў тэму Года добраўпарадкавання краіны, якім Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абвешчаны наступны 2025-ы год.


Год добраўпарадкавання – гэта праца па стварэнні камфорту жыцця нашых грамадзян у кожным кутку рэгіёна. Ад сельскіх населеных пунктаў да райцэнтра. Таму мерапрыемствы па добраўпарадкаванні – гэта праца і з пустуючымі дамамі, і з мадэрнізацыяй аб'ектаў, і з абнаўленнем дарог, і многімі іншымі напрамкамі, – адзначыў Сяргей Віктаравіч.