Аднак, паводле статыстыкі, штогод у рэспубліцы з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электраабсталявання адбываецца каля 900 пажараў.
Прывядзем 5 самых распаўсюджаных памылковых меркаванняў, якія існуюць наконт электрапрыбораў.
1. «Рэжым чакання» - кругласутачны рэжым.
Пагадзіцеся, знаёмая сітуацыя - тэлевізар, камп'ютар мы не выключаем з сеткі не тое што суткамі, а гадамі. Паездка на выхадных на дачу і нават адпачынак не становіцца нагодай, каб змяніць звычцы. Але ж у «спячым рэжыме» электрапрыбор спажывае электраэнергію, а адпаведна бессэнсоўна марнуюцца вашы грошы. Гэта першае, а вось і больш важкі аргумент - у непрацуючых, але ўключаных у разетку электрапрыборах многія вузлы знаходзяцца пад напружаннем і ад перагрэву, замыкання яны могуць загарэцца ў любы момант. Пры гэтым дастаткова некалькіх хвілін, каб агонь распаўсюдзіўся па ўсім пакоі. Як справіцца са звычкай пакідаць электрапрыборы ў «рэжыме чакання»?
Рэцэпт вельмі просты: перачытайце яшчэ раз выкладзены вышэй абзац і, сыходзячы з хаты, адключайце электрапрыборы з сеткі. Будзьце ўпэўнены, так надзейней!
2. Зарадная прылада, пакінутая ў разетцы – зручна і практычна.
У наш час «гаджэтазалежнасць» становіцца падобная на нейкі невылечны вірус. Дзіўна, людзі не выпускаюць з рук тэлефоны, планшэты, упадаюць у паніку, калі забываюць іх дома і сур'ёзна засмучаюцца, калі разрадзілася батарэя. У дадатак да ўсяго зарадныя прылады, якія ламаюцца і губляюцца з зайздросным пастаянствам. Спосаб падаўжэння тэрміну службы вынайдзены – зарадная прылада проста застаецца ў разетцы. На пытанне чаму? Людзі адказваюць упэўнена і аднастайна: таму што зручна і практычна, не трэба шукаць зарадную прыладу па ўсім доме, а прыйшоўшы з працы адразу можна паставіць гаджэт на зарадку. А як жа бяспека? Бо як ужо было сказана вышэй ад перападаў напружання, перагрэву ці проста з-за нізкай якасці самой прылады пажар можа адбыцца ў любы момант. Гэта тое самае, што сесці на порахавую бочку, падпаліць яе і чакаць….
Паверце, чакаць давядзецца нядоўга. Таму, сыходзячы, выцягніце зарадную прыладу з разеткі і пакладзіце побач, так будзе бяспечна.
3. Электрапрыборы ў ваннай – норма жыцця.
Высушыць валасы фенам, прыняць ванну з працуючай пральнай машынай – для многіх гэта звычайнае. Але, ванная – гэта вільготнае памяшканне. А вада — выдатны праваднік-мост для электрычнага току. Чым пагражаюць падобныя эксперыменты? У «сухіх» умовах выпадковы дотык да электраправоднай паверхні, выклікаў бы толькі непрыемныя адчуванні, у вільготным асяроддзі можа стаць смяротным.
4. Электраабагравальнікі зусім бяспечныя.
Абагравальнік трэба ўсталёўваць на агнетрывалай аснове. Ён павінен быць спраўным, не саматужнай вытворчасці, пажадана з сістэмай аварыйнага выключэння (на выпадак яго перагрэву або падзення).
Пры ўключэнні абагравальнікаў старайцеся не выкарыстоўваць падаўжальнікі. У адваротным выпадку пераканайцеся, што разліковая (намінальная) магутнасць падаўжальніка не менш за магутнасць электрапрыбора. Сачыце за цэласнасцю і спраўнасцю разетак, вілак і электрашнуроў, і не дапускайце адначасовага ўключэння ў электрасетку некалькіх магутных спажыўцоў электраэнергіі (электрапліта, электракамін, чайнік і інш.), якія выклікаюць перагрузку электрасеткі. Таксама не прапускайце провад ад абагравальніка пад дыванамі і праз дзвярныя парогі, гэта можа прывесці да яго перацірання. Ніколі не пакідайце ўключаным электраабагравальнік на ноч, тым больш побач з ложкам або іншымі гаручымі прадметамі інтэр'еру.
5. Тэрмін эксплуатацыі электрапрыбора – плюс мінус бясконцасць.
У нас існуе такая практыка – тэлевізары, халадзільнікі і іншыя электрапрыборы, якія адслужылі свой век, мы цягнем на дачу ці ў вёску, у крайнім выпадку, у інтэрнат дзіцяці-студэнту. Ну, не выкідваць жа, ён працоўны! Але, у інструкцыі (калі б яе хто-небудзь калі-небудзь чытаў) пазначаны тэрмін эксплуатацыі. І калі ён заканчваецца, трэба сур'ёзна задумацца аб замене старога электрапрыбора на новы.
Тут многія могуць пачаць спрачацца, вось на дачы яшчэ бабулін халадзільнік і нічога, працуе. Ды і не эканомна гэта – выкідваць яшчэ амаль «працоўны» электрапрыбор! Магчыма. Але, калі халадзільнік «часоў Ачакоўскіх» у адзін цудоўны момант становіцца прычынай пажару, а стары тэлевізар на дачы гарыць «сінім полымем», разам з нажытай гадамі маёмасцю, тады позна і шкадаваць, і чытаць інструкцыю.
Адпаведна, падумайце над гэтым і будзьце асцярожнымі пры карыстанні падобнымі дабротамі цывілізацыі. А лепш чытайце інструкцыю і строга прытрымлівайцеся рэкамендацый. Гэта працуе! Дакладна!
P.S. І яшчэ, сыходзячы з хаты, выключайце электрапрыборы!