Сёння ў канцэртнай зале «Віцебск» ушаноўваюць уладальнікаў прэміі «Чалавек года Віцебшчыны – 2025». Гэтай ганаровай назвы ўдастоены 53 прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё паўночнага рэгіёна Беларусі.
У цырымоніі прымаюць удзел: старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сяргейка, старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, заслужаныя работнікі галін народнай гаспадаркі, ветэраны працы, дэлегацыі гарадоў і раёнаў Віцебшчыны.
Як падкрэсліў Аляксандр Рагожнік, чалавек працы ва ўсе часы быў і застаецца галоўным здабыткам дзяржавы, дзякуючы прафесіяналізму і адданасці справе. На Віцебшчыне жывуць і працуюць працавітыя людзі, з велізарным патэнцыялам.
– 2026-ы год – старт новай пяцігодкі. Зацверджана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2026-2030 гады. Наперадзе ў нас шмат няпростых, але важных задач, якія трэба будзе вырашаць разам. Асаблівую ўвагу трэба надаць прамысловаму комплексу, мадэрнізацыі аграрнага сектара і адраджэнню вёсак, пошуку новых кропак росту ў эканоміцы. Не застанецца па-за ўвагай турыстычны патэнцыял Віцебшчыны, яе прыродная ўнікальнасць і багатая культурная спадчына, – адзначыў кіраўнік вобласці і выказаў упэўненасць, што дзякуючы агульнай мэтанакіраванасці і дысцыпліне мы зможам пераадолець усе цяжкасці і зрабіць паўночны рэгіён камфортным і квітнеючым.
Перад пачаткам цырымоніі ўдзельнікі і госці агледзелі выставу карцін сучасных мастакоў «Віцебскія музы» і экспазіцыю традыцыйнага жаночага адзення паўночнага рэгіёну, прысвечаныя Году беларускай жанчыны.
У холе канцэртнай залы таксама прадстаўлена прадукцыя прадпрыемстваў Віцебскай вобласці.
Ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» прысвоена па пяці намінацыях: «Прамысловасць, гандаль і паслугі, фінансавая дзейнасць, малы і сярэдні бізнес», «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка», «Жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, будаўніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, сувязь, транспарт і камунікацыі», «Сацыяльная сфера (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, спорт, ахова здароўя, моладзь)» і «Забеспячэнне законнасці і правапарадку, папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх арганізацый».
Цяперашняя цырымонія ўшанавання лаўрэатаў ужо сямнаццатая. За мінулы час уладальнікамі ганаровага звання сталі больш за тысячу дзвесце чалавек.