Прадстаўнікі службы «101» расказалі грамадзянам аб абстаноўцы з пажарамі ў раёне і вобласці, раскрылі прычыны іх узнікнення і падрабязна спыніліся на «сакрэтах бяспекі» ў быце.
Таксама, ратавальнікі нагадалі і аб тым, што ўжо самы час праверыць печы пасля ацяпляльнага перыяду і пры неабходнасці прывесці іх у належны стан.

Асаблівую ўвагу было нададзена эфектыўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў: інспектар прапаганды расказала аб прынцыпе работы гэтага прыбора і прывяла прыклады выпадкаў, калі ён ратаваў жыцці людзей.
Не губляе актуальнасці і пытанне бяспекі пры навядзенні парадку на падворках.
– Неасцярожнае абыходжанне з агнём і выпальванне сухой травы – прамы шлях да страты маёмасці і гібелі людзей, – падкрэслілі работнікі райаддзела МНС і прывялі прыклады траўміравання і гібелі людзей, да якіх прывяла бестурботнасць у абыходжанні з агнём.
– Сухая трава гарыць як порах. Спыніць распаўсюджванне агню ў такой сітуацыі самастойна надзвычай складана. Таму, наводзячы парадак на ўчастку, устрымайцеся ад спальвання смецця і развядзення вогнішчаў, – заклікалі ратавальнікі і падмацавалі свае словы тэматычным відэафільмам.
Завяршаючы тэматычную сустрэчу, удзельнікі адзначылі, што будуць больш уважлівымі да пытанняў бяспекі ў паўсядзённым жыцці. А каб неабходная інфармацыя заўсёды была пад рукой, работнікі МНС уручылі ўсім прысутным тэматычныя буклеты.
– Мы вельмі ўдзячныя ратавальнікам за такое карыснае і патрэбнае мерапрыемства, – падзялілася адна з удзельніц. – Цяпер мы ведаем, як правільна дзейнічаць у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі і як прадухіліць яе.