29 красавіка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Сенненскі раён Віцебскай вобласці ўвайшоў у пералік рэгіёнаў, дзе будзе праходзіць апрабацыя новага праекта Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) "Здаровы лад жыцця: навучанне і прасоўванне". Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК.
Праект накіраваны на фарміраванне адказнага стаўлення насельніцтва да свайго здароўя. Ён будзе рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа.
"Ужо ёсць вопыт падобнай працы - сельскія камітэты здароўя 12 гадоў дзейнічаюць у Кыргызстане. Там добраахвотнікі дапамагаюць лячэбным установам распаўсюджваць інфармацыю аб прафілактыцы розных захворванняў, праводзяць маніторынг сітуацыі з захворвальнасцю і выяўляюць фактары, якія ўплываюць на здароўе людзей у кожнай канкрэтнай мясцовасці", - распавялі спецыялісты.
Праца, якую Швейцарскі Чырвоны Крыж праводзіць у Кыргызстане, даказала сваю эфектыўнасць. Удзельнікі сельскіх камітэтаў здароўя ўключыліся ў працу па вымярэнні артэрыяльнага ціску. Добраахвотнікі абследавалі ў Кыргызстане каля 400 тыс. чалавек і ў многіх з іх упершыню выявілі павышаныя паказчыкі АД.
У цяперашні час прадстаўнікі Швейцарскага Чырвонага Крыжа вывучаюць магчымасць перанесці кыргызскі вопыт на Беларусь. Ужо прыступілі да распрацоўкі заяўкі на фінансаванне. Рэалізацыя праекта пачнецца ў 2014 годзе.-0-