14 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сем рэсурсных цэнтраў для падрыхтоўкі рабочых кадраў плануецца адкрыць да 1 верасня 2013 года ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка. Рэсурсныя цэнтры фарміруюцца на базе Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці (для падрыхтоўкі кадраў для абутковай прамысловасці), Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя (для прадпрыемстваў харчовай прамысловасці і сферы абслугоўвання), Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №1 машынабудавання (па профілі машынабудавання), Пастаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці (для прадстаўнікоў прафесій, звязаных з абслугоўваннем і эксплуатацыяй аўтамабіляў). Яшчэ тры рэсурсныя цэнтры для павышэння кваліфікацыі прадстаўнікоў будаўнічых спецыяльнасцей ствараюцца на базе Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №2 будаўнікоў, Наваполацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў і Аршанскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №110 будаўнікоў. У рэсурсных цэнтрах будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка навучэнцаў па адпаведных спецыяльнасцях, праводзіцца перападрыхтоўка рабочых кадраў, удасканальваць свае веды і ўменні тут змогуць таксама выкладчыкі ўстаноў сістэмы прафтэхадукацыі рэгіёна. У цяперашні час вядзецца папярэдняя работа па іх стварэнні: фарміруецца расклад заняткаў, уносяцца неабходныя змены ў алгарытм працы навучальных устаноў, заключаюцца дагаворы на падрыхтоўку кадраў, фарміруецца пералік неабходнага абсталявання, тэхнікі і матэрыялаў. На іх набыццё Віцебскі аблвыканкам мае намер накіраваць у гэтым годзе Br20 млрд. З 2009 года ў Віцебскай вобласці адкрыта чатыры рэсурсныя цэнтры: на базе Гарадоцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці, Полацкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №1 машынабудавання (па інфармацыйным забеспячэнні) і Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №4 лёгкай прамысловасці.