13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі навукова-практычны семінар на тэму "Новыя магчымасці для наймальнікаў у выбары форм і сістэм аплаты працы ва ўмовах лібералізацыі эканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый" пройдзе сёння ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Варвара Аляксандровіч.
Мерапрыемства, у якім возьмуць удзел каля 40 кіраўнікоў і спецыялістаў навуковых і камерцыйных арганізацый, прадстаўнікі Мінпрацы і сацабароны, аблвыканкамаў, адбудзецца на базе кандытарскага камбіната "Віцьба".
Перад удзельнікамі семінара выступяць эксперты на такія тэмы, як "Магчымасці наймальнікаў ва ўсталяванні ўмоў аплаты працы работнікам рэальнага сектара эканомікі", "Аплата і стымуляванне працы спецыялістаў і кіраўнікоў, якія забяспечваюць рэалізацыю прадукцыі на ўнутраны і знешні рынкі", "Пабудова тарыфных сістэм аплаты працы на аснове бальнай ацэнкі складанасці і грэйдзіравання", "Навукова-метадалагічнае суправаджэнне ўкаранення гнуткіх сістэм аплаты працы", "Вынікі маніторынгу практычнага прымянення ўказа №49 у камерцыйных арганізацыях".
"Фармат семінара прадугледжвае свабодны абмен думкамі, што дазволіць удзельнікам абмеркаваць на канкрэтных прыкладах новыя магчымасці для наймальнікаў у выбары форм і сістэм аплаты працы ва ўмовах лібералізацыі эканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый, а таксама выкарыстаць атрыманы вопыт на практыцы", - адзначыла Варвара Аляксандровіч.
Семінар у Віцебску адкрывае серыю рэспубліканскіх навукова-практычных семінараў, якія правядзе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў 2012 годзе. Яны будуць арганізаваны ў кожнай вобласці рэспублікі на базе канкрэтных прадпрыемстваў, удакладніла прэс-сакратар.
Новыя формы і сістэмы аплаты працы прымяняюцца ў арганізацыях рэспублікі ў адпаведнасці з указам ад 10 мая 2011 года №181 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні дзяржаўнага рэгулявання ў галіне аплаты працы".-0-
БЕЛТА
Сэмінар на тэму выбару формаў і сістэм аплаты працы пройдзе сёння ў Віцебску
13.4.20120 праглядаў