29 красавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Семінар кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ, які праходзіць у гэтыя дні ў Гродне, адкрывае чараду значных мерапрыемстваў і падзей у сферы мас-медыя Беларусі. Пра гэта заявіў сёння на семінары міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У адказ на заўвагі, якія ўжо пачалі раздавацца, аб тым, што Мінінфарм нібыта сабраў кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ пасля выбараў і тэракта, каб раздаць указанні, Алег Праляскоўскі падкрэсліў, што правядзенне семінара было запланавана загадзя. Больш таго, з ініцыятывай аб яго правядзенні выступалі прадстаўнікі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. "Ніякай надзвычайшчыны ў правядзенні семінара няма. Ён планаваўся загадзя і адкрывае чараду значных мерапрыемстваў, якія праводзяцца Міністэрствам інфармацыі ў маі і пачатку чэрвеня: гэта конкурсы "Тэлевершыня", "Залатая лiтера", выстава "СМІ ў Беларусі", медыяфорум краін СНД", - адзначыў міністр. Па яго словах, падобныя семінары з'яўляюцца "пляцоўкай для зносін" прадстаўнікоў СМІ, даюць ім магчымасць "сябе паказаць і на іншых паглядзець". Алег Праляскоўскі таксама звярнуў увагу на тое, што ролю і ўплыў СМІ ў сучасным свеце цяжка пераацаніць. Аднак далёка не ўсе выкарыстоўваюць гэты ўплыў на карысць грамадства і сваёй краіны. Напрыклад, пры асвятленні падзей 11 красавіка ў мінскім метро беларускія СМІ, на думку міністра, падзяліліся не па прынцыпе дзяржаўныя і прыватныя, а на сумленных і нясумленных. "Асобныя СМІ адкрыта піярыліся, пераварочвалі факты, а гэта недапушчальна. Гэта якраз тое, чаго хочуць тэрарысты - пасеяць страх, паніку ў грамадстве", - сказаў Алег Праляскоўскі. У сувязі з гэтым ён нагадаў словы Прэзідэнта, сказаныя ў Пасланні народу і парламенту: нашу маладую суверэнную дзяржаву, якая праводзіць самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, хочуць прымусіць танцаваць пад чужую дудку, Беларусь падвяргаецца масіраванаму ціску. Камусьці вельмі хочацца дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, пасеяць хаос, недавер'е людзей да ўлады, каб потым узнікаючымі праблемамі, як пятлёй, душыць нашу краіну.-0-

БЕЛТА