Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько, перадае карэспандэнт БЕЛТА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Юрый Сянько далажыў аб выніках працы мытных органаў у 2019 годзе. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы папрасіў звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне даходнай часткі рэспубліканскага бюджэту - ці выкананы даведзеныя паказчыкі.
"Другое пытанне - аб фарміраванні даходнай часткі бюджэту ў плане маіх даручэнняў у канцы мінулага года. Было даручэнне вам і ўраду (непасрэдна прэм'ер-міністру Румасу) аб дадатковых даходах рэспубліканскага бюджэту. Я хацеў бы пачуць, як спрацавала ваша ведамства", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што неўзабаве дзейнасць мытных органаў будзе разгледжана яшчэ больш падрабязна, у межах справаздачы ўрада аб выніках працы эканомікі ў мінулым годзе. "Калі ёсць гарачыя пытанні, якія датычацца прыняцця рашэння Прэзідэнта, калі ласка, я гатовы выслухаць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Па мытных плацяжах, якія павінны былі паступіць у бюджэт нашай краіны, - прагнозны паказчык, даведзены нам Міністэрствам фінансаў, выкананы на 100,5%", - праінфармаваў Юрый Сянько.
Як расказаў ён журналістам пасля дакладу Прэзідэнту, за 2019 год у рэспубліканскі бюджэт паступіла звыш Br9,065 млрд плацяжоў. Гэта амаль на Br400 млн (4,2%) менш, чым у 2018 годзе. Адна з прычын - зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці ў нафтавай галіне і вывазных мытных пошлін за экспарт нафтапрадуктаў (на 33,2%).
"Кампенсаваць выдаткі, звязаныя з экспартнымі пошлінамі, якія мы не дабралі ў мінулым годзе, змаглі за кошт збору Br406 млн дзякуючы ПДВ, акцызу, увозным мытным пошлінам, што сплачваюцца фізічнымі асобамі. Гэтая праца вялася мэтанакіравана, каб ніводная капейка не была страчаная і ўсе яны паступілі ў даход дзяржавы. Праца працягваецца, аналагічныя задачы стаяць і на бягучы год", - адзначыў старшыня ДМК.
Усяго за 2019 год праз беларускую мяжу на ўвоз і вываз перамешчана 111 млн т тавараў, што на 3,2 млн т менш за паказчыкі 2018 года: у асноўным за кошт зніжэння транзіту вугалю з Расіі чыгуначным транспартам. Пры гэтым агульны транзітны паток пры ўвозе тавараў на тэрыторыю ЕАЭС праз Беларусь вырас на 5,4% да 17,5 млн т, з іх 11,4 млн т - у Расію. Колькасць перамешчанага праз беларускую мяжу грузавога транспарту таксама вырасла на 5,1% да 2,3 млн адзінак. Гэта сведчыць аб павелічэнні нагрузкі на аўтадарожныя пункты пропуску.
Мытныя органы ў 2019 годзе выявілі 47,3 тыс. правапарушэнняў і 387 злачынстваў (у 2018-м - 35,5 тыс. правапарушэнняў і 357 злачынстваў). Узбуджана 181 крымінальная справа па фактах незаконнага перамяшчэння праз мяжу і абароту наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. З незаконнага абароту канфіскавана больш за 645 кг наркотыкаў (у 2018-м - 225 кг).
"Сітуацыя застаецца складанай. Самыя буйныя чатыры партыі спрабавалі паставіць праз тэрыторыю нашай краіны ў бок Расійскай Федэрацыі - гэта практычна 500 кг наркотыкаў", - адзначыў Юрый Сянько.
У 2019 годзе таксама ўзраслі спробы незаконнага перамяшчэння праз мяжу наяўных грашовых сродкаў. Калі ў 2018 годзе было канфіскавана валюты на Br1,6 млн, то ў 2019-м гэтая лічба дасягнула Br9,5 млн.