16 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сенненскі райвыканкам гатовы аказаць дапамогу пацярпелым у ДТЗ у Ліпецкай вобласці жыхарам раёна. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня райвыканкама Віктар Цапота. "Мясцовыя ўлады гатовыя аказаць неабходную дапамогу і падтрымку пацярпелым і родным загінулых сенненцаў, аднак пакуль да нас з гэтай нагоды ніхто не звяртаўся", - сказаў Віктар Цапота. Паводле яго даных, у цяперашні час дакладна ўстаноўлена, што з васьмі беларусаў, якія трапілі ў ДТЗ, жыхароў Сенненскага раёна трое: адзін загінулы (за яго целам родныя ўжо выехалі) і двое параненых. Звесткі па астатніх пацярпелых удакладняюцца, дадаў старшыня райвыканкама. Як паведамлялася, у аўтамабільнай аварыі ў Ліпецкай вобласці Расіі 15 красавіка загінулі пяць грамадзян Беларусі, яшчэ трое параненыя. Мікрааўтобус Volkswagen, у якім жыхары Віцебскай вобласці ехалі на працу ў Варонежскую вобласць, разбіўся на 392-м кіламетры трасы "Дон". Да моманту ДТЗ у дарозе беларусы знаходзіліся каля 14 гадзін. Паводле адной з версій, кіроўца заснуў за рулём, пасля чаго машына ўрэзалася ў грузавік, які стаяў на абачыне. Сярод загінулых мужчыны 1976, 1982, 1984, 1986 і 1992 гадоў нараджэння.-0-

БЕЛТА