Горад Сенна Віцебскай вобласці адзначыць сваё 575-годдзе маштабным святам 26 жніўня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.

Горад Сенна Віцебскай вобласці адзначыць сваё 575-годдзе маштабным святам 26 жніўня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.

Асноўныя падзеі разгорнуцца на цэнтральнай плошчы. Тут з самай раніцы пасля тэатралізаванага адкрыцця пачнецца "Водная феерыя" і прадстаўленне-прысвячэнне гістарычнаму мінуламу Сенна. Запланаваны патрыятычныя акцыі і канцэрт Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама пераможцаў і лаўрэатаў дзіцячых конкурсаў "Шчаслівае дзяцінства ў любімым горадзе", выступленне народнага лялечнага тэатра "Петрушка" раённай дзіцячай бібліятэкі, праграмы з удзелам мясцовых народных калектываў, вакальных і інструментальных гуртоў, паказ мод.

Да свята прымеркавана і правядзенне раённага этапу конкурсу "Уладар сяла". Зрэлішчным гэты дзень стане для аматараў футбола, якіх запрашаюць на фізкультурна-спартыўны комплекс пабалець за свае каманды ў чэмпіянаце вобласці. Увечары мотакроссмены падораць гораду-юбіляру і яго жыхарам свае акрабатычныя выступленні, прафесійныя артысты напоўняць плошчу любімымі песнямі, а феерверк расфарбуе неба яркімі ўспышкамі. І ўжо бліжэй да паўночы будзе паказаны фільм "Бітва пад Сеннам", пасля якога загучаць "Рытмы начнога горада".

Увесь дзень будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі: фотапраект "Сенна: мінулае і сучаснасць", выстава карцін, "Горад майстроў" на цэнтральнай плошчы і рамесныя шэрагі па вул. Савецкай, дзе таксама размесціцца "Бібліятэчны бульвар". Гандаль сканцэнтруецца на вул. Кастрычніцкай, а па вул. К. Маркса разгорнецца "Вясёлка здароўя". У цэнтральным скверы будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны, ратавальнікі ўладкуюць паказальныя выступленні. У парку Трох герояў будуць суседнічаць сілачы, удзельнікі спаборніцтваў па рускім жыме, і вікінгі - члены клуба гістарычнай рэканструкцыі. А на вул. Перамогі нават абяцаюць арганізаваць верталётную пляцоўку, адкуль будуць здзяйсняцца палёты над Сеннам.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)