КОД ЕЎФРАСІННІ Спаса-Праабражэнскую царкву Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку часта называюць жамчужынай усходнеславянскай архітэктуры. І не толькі з-за яе пачэснага ўзросту - царква была пабудавана ў XII стагоддзі, але і з-за ўнікальных фрэсак. Як лічаць спецыялісты, задум унутранага роспісу храма належыць Ефрасінні Полацкай, гэта яе пасланне нашчадкам, своеасаблівы код, які трэба яшчэ расшыфраваць. Рэстаўрацыя фрэсак даверана лепшым спецыялістам па манументальным жывапісе Кіеўскай Русі з Беларусі і Расіі. Пра ход рэстаўрацыі і сенсацыйныя адкрыцці карэспандэнту БЕЛТА распавялі навуковы кіраўнік работ беларускі рэстаўратар Юрый МАЛІНОЎСКІ і рэстаўратар вышэйшай кваліфікацыі, галоўны мастацтвазнаўца міжрэгіянальнага навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення Міністэрства культуры Расіі Уладзімір САРАБ'ЯНАЎ. - Гады чатыры таму, калі расійскія рэстаўратары толькі прыступілі да работ у Спаса-Праабражэнскім храме, прызнаюся, мне з цяжкасцю верылася, што храмавыя фрэскі амаль дзевяцісотгадовай даўніны можна будзе ўбачыць не фрагментарна, а ў такім аб'ёме, як яны паўсталі цяпер: амаль дзве траціны роспісу ўжо адноўлена. У.Сараб'янаў: Сапраўды, на канец 2006 года беларускім рэстаўратарам Уладзімірам Ракіцкім, які працаваў практычна ў адзіночку, было раскрыта менш за траціну - 200 кв.м фрэсак. З 2007 года да работ прыступіла наша брыгада, а крыху пазней далучыліся і беларускія калегі з "Белрэстаўрацыі". Работы пайшлі значна хутчэй - на аб'екце ў сезон працуюць 10-16 рэстаўратараў, што дазваляе раскрываць вялікія аб'ёмы жывапісу. Ужо завершана праца ў алтарнай частцы: у першапачатковым выглядзе паўсталі фрэскі ў алтары, ахвярніку і дыяканніку. Аднаўляюцца роспісы ў падкупальным прасторы. Ю.Маліноўскі: Акрамя таго, рэстаўратары захоўваюць, укладваючы на палотны, жывапісныя пласты XIX стагоддзя, нанесеныя падчас абнаўлення царквы ў 30-я і 80-я гады пазамінулага стагоддзя. Гэтыя больш познія фрэскі, аднак не менш каштоўныя з гістарычнага і мастацкага пункту гледжання, мы адслойваем ад жывапісу сярэднявечнага, укладваем і замацоўваем на цвёрдай аснове для таго, каб як мага больш людзей змаглі ўбачыць іх ужо ў музейных экспазіцыях. Фактычна ў адным храме мы раскрываем і адслойваем тры пласты жывапісу: адзін XII стагоддзя і два пласты XIX стагоддзя. Ужо адслаёвана 40 кв.м позніх фрэсак. Такіх вялікіх аб'ёмаў адслаёўванняў у свеце яшчэ ніхто не рабіў.