У аснове сацыяльна-эканамічнай палітыкі Беларусі ляжаць інтарэсы звычайных людзей.
У аснове сацыяльна-эканамічнай палітыкі Беларусі ляжаць інтарэсы звычайных людзей. Такім меркаваннем з карэспандэнтамі падзяліўся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка падчас абласнога сходу дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу, які прайшоў сёння ў Палацы культуры вобласці ў Магілёве.
"Пасля VI Усебеларускага народнага сходу жыццё беларусаў адназначна зменіцца. Яно стане лепшым і якаснейшым. Таму што ў аснову ўсёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі нашай краіны пакладзены інтарэс простага чалавека. Гэта пытанні, якія тычацца адукацыі, аховы здароўя, развіцця інтэлектуальных магчымасцей і даходаў. Падрыхтаваная праграма, асноўныя моманты якой былі прэзентаваны сёння, - усёабдымная. І сёння прадстаўнікі цэнтральнага апарату ўлады праінфармавалі прысутных аб асноўных перспектывах развіцця Магілёўскай вобласці і краіны ў цэлым, - адзначыў Ігар Сергяенка. - Гэтаму рэгіёну ёсць чым ганарыцца, поспехі натхняюць аптымізм. Магілёўшчына ў апошнія гады дэманструе сур'ёзныя дасягненні і ў эканоміцы, і ў ахове здароўя, сельскай гаспадарцы, ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сёння размова ішла і аб захаванні агульначалавечых і гістарычных каштоўнасцей, аб важнасці захавання адзінства ў грамадстве, аб тым, як далей развіваць грамадска-палітычную сістэму нашай краіны.
Выступалі людзі розных прафесій: ад кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў і дэпутатаў да звычайных працаўнікоў вёскі. Уносіліся канкрэтныя прапановы, якія патрабуюць рашэння на цэнтральным узроўні, шэраг пытанняў можна вырашыць на ўзроўні рэгіёна і аблвыканкама. У цэлым, у нас атрымалася насычаная, канструктыўная і патрыятычная размова".
Магілёўскую вобласць на маштабным мерапрыемстве будуць прадстаўляць 310 дэлегатаў. "Нягледзячы на тое, што апошні год пяцігодкі выдаўся складаным і часам непрадказальным ва ўмовах сусветнай пандэміі, закрыцця межаў і нявызначанасці ў дынаміцы знешніх рынкаў, асноўныя галіны рэальнага сектара эканомікі Магілёўскай вобласці характарызуюцца станоўчымі тэндэнцыямі, якія дазволілі падысці да новай пяцігодкі з акрепшай эканомікай і разуменнем таго, за кошт якіх напрамкаў мы будзем развівацца далей. А па выніках асобна 2020 года Магілёўская вобласць спрацавала з лепшым тэмпам росту сярод усіх рэгіёнаў краіны, - адзначыў падчас выступлення намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. - Літаральна праз два тыдні адбудзецца важная падзея ў жыцці нашай краіны. На працягу доўгага часу ў нас праходзілі дыялогавыя пляцоўкі, дзе абмяркоўваліся розныя ідэі і прапановы для будучага развіцця краіны, якія закранулі ўсе сферы жыцця".
Усяго па выніках дыялогавых пляцовак, якія прайшлі ў Магілёўскай вобласці, у аргкамітэт збору паступіла 270 прапаноў. "Цэлы шэраг з гэтых прапаноў ужо знайшоў сваё адлюстраванне ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады, праект якой будзе абмяркоўвацца дэлегатамі на Усебеларускім народным сходзе. І наша з вамі агульная задача, каб усе гэтыя механізмы, закладзеныя ў праграме, былі сапраўды рэалізаваны, а не засталіся толькі на паперы", - адзначыў Руслан Страхар.
Падчас прэзентацыі праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады, міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што праца над новай праграмай заняла больш за два гады. "У распрацоўцы гэтага дакумента прыняло ўдзел больш за 100 профільных экспертаў. Гэта сведчыць аб тым, што праца над дакументам была ўсебаковай і вельмі прадуманай. Праект новай праграмы развіцця - гэта сумесны дакумент бізнесу, навукі і грамадства. І кожны бок унёс свой сур'ёзны ўклад у гэтую працу", - падкрэсліў міністр.
Праект праграмы развіцця на надыходзячую пяцігодку складаецца з чатырох асноўных блокаў. Гэта паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, умацаванне эканамічнага патэнцыялу і лічбавая трансфармацыя эканомікі, рэгіянальнае развіццё, стварэнне спрыяльнага рэгуляторнага асяроддзя.
"Дзяржава працягне ў будучыні захоўваць сваю сацыяльную накіраванасць, дзе галоўная мэта - рост дабрабыту нашых людзей. Асноўная ўвага будзе нададзена даходам насельніцтва, цэнам, занятасці, даступнасці жылля. А таксама высокатэхналагічным паслугам у сферы аховы здароўя і адукацыі. У эканамічнай частцы працягнем развіваць індустрыяльны патэнцыял прамысловасці і сельскай гаспадаркі на новай тэхналагічнай базе і лічбавай аснове. Яшчэ адным напрамкам працы стане фарміраванне новых высокатэхналагічных галін і прадпрыемстваў, - адзначыў міністр эканомікі. - Вялікая ўвага будзе надаляцца развіццю і ўмацаванню рэгіёнаў. Так, у найбліжэйшую пяцігодку ў Магілёўскай вобласці плануецца пабудаваць 12 дзіцячых садкоў, што створыць каля 2,5 тыс. новых месцаў. Акрамя гэтага, будуць створаны два кластары: біятэхналогій у Горках і IT у Магілёве, удзельнікамі якога стануць прадстаўнікі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Парка высокіх тэхналогій. У Бабруйску і Асіповічах плануецца стварыць два міжрэгіянальных медыцынскіх профільных цэнтра".
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама і дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Старавойтаў, развіццё медыцыны ў Беларусі набрала добрыя абароты і важна, каб гэтая праца не спынялася. "За мінулыя гады мы зрабілі шмат для развіцця медыцыны як у нашым рэгіёне, так і ў краіне ў цэлым. У нас ёсць сур'ёзны фундамент для далейшага развіцця гэтай сферы, - адзначыў Аляксандр Старавойтаў. - Мы надаём увагу прафілактыцы і барацьбе з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі і анкалагічнымі захворваннямі. Зараз пры Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы ідзе будаўніцтва кардыяхірургічнага корпуса, тут жа будзе створаны кардыятэрапеўтычны корпус разам з кардыядыспансерам. Ідзе будаўніцтва корпуса прамянёвай тэрапіі пры Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры. Яшчэ адна важная будоўля, якая ўвайшла ў распараджэнне Прэзідэнта - будаўніцтва інфекцыйнага корпуса пры шматпрофільнай бальніцы №1 у Магілёве. Акрамя гэтага, вядзецца рэканструкцыя многіх устаноў аховы здароўя ў раёнах. Гэта Слаўгарадская, Чэрыкаўская і іншыя бальніцы. Мы бачым вялікую падтрымку з боку дзяржавы, аблвыканкама. Толькі ў мінулым годзе было выдзелена больш за Br600 млн, і на гэты год выдзелена сума не меншая. З кожным годам бюджэт аховы здароўя павялічваецца. І мы рады гэтай працы - з'яўляюцца важныя і патрэбныя аб'екты аховы здароўя, павышаецца даступнасць медыцынскіх паслуг".
Па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, для рэалізацыі ўсіх пастаўленых задач неабходна мадэрнізаваць і сацыяльную сферу. "У цэнтры ўвагі асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады - чалавек, узровень і якасць яго жыцця. Чалавеку для шчасця неабходна сям'я, дзеці, праца з годнымі ўмовамі працы і заработнай платы. І, вядома ж, - увага і клопат у старасці. Асноўныя напрамкі ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на бліжэйшую пяцігодку вызначаны - гэта ўмацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу, садзейнічанне эфектыўнай занятасці, устойлівы рост даходаў, актыўнае даўгалецце і клопат пра старэйшае пакаленне, - падкрэсліла Ірына Касцевіч. - У нашай моладзі змяніліся прыярытэты. Цяпер яны выбіраюць вучобу, кар'еру, а ўжо потым сям'ю. Важна працягваць працу па стварэнні ўмоў для павышэння нараджальнасці ў нашай краіне. Шматдзетныя сем'і для нашай краіны - гэта наша гордасць. Мы будзем працаваць над дадатковымі мерамі па стымуляванні да нараджэння другіх і наступных дзяцей. Мы павінны надаць яшчэ больш увагі нашым маладым сем'ям, забяспечыць годныя ўмовы для іх жыцця".
Падводзячы вынікі мінулага збору, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адзначыў, што ў Магілёўскай вобласці - сур'ёзныя планы на надыходзячую пяцігодку. "У першую чаргу, важна захаваць адзінства ўсяго грамадства. Калі людзі адзіныя, прасцей вырашаць усе праблемы і пытанні, працаваць на карысць рэгіёна і краіны. Так нашмат лягчэй дасягнуць пастаўленых мэт па павышэнні дабрабыту людзей і забеспячэнні эканамічнага росту прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці, - падкрэсліў Леанід Заяц. - Мы бачым рэзервы і добры патэнцыял у прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Ёсць пэўныя моманты, над якімі трэба папрацаваць - вырашэнне праблемных пытанняў дасць яшчэ адзін штуршок для развіцця рэгіёна ў цэлым. Хочацца адзначыць, што той дакумент, які абмяркоўвалі сёння ў Магілёве, тыя напрамкі, якія выбраны прыярытэтнымі для будучага развіцця Беларусі, людзі аднагалосна падтрымалі. Бо гэта перспектывы нашай краіны, свайго роду маякі, на якія будуць арыентавацца ў сваёй працы грамадзяне ва ўсіх сферах".
БЕЛТА