Звяртаючыся да памочніка Прэзідэнта – інспектара па Віцебскай вобласці Сяргея Ляўковіча па дапамогу ў вырашэнні, сваіх, здавалася б, прыватных пытанняў, часам заяўнікі ўздымаюць праблемы, якія маюць грамадскую значнасць. Так было і падчас асабістага прыёму грамадзян, праведзенага ў Віцебскім райвыканкаме.

…Жанчына мае від на жыхарства ў Беларусі. Атрымала яго паўтара года таму, пераехаўшы на гістарычную радзіму з Латвіі. Працуе на адным з дзяржаўных прадпрыемстваў, хоча змяніць месца працы, але не можа прадставіць новаму наймальніку неабходны пакет дакументаў. Заяўніца сцвярджае, што з праблемай адсутнасці магчымасці прадаставіць характарыстыку з папярэдняга месца працы, працоўную кніжку сутыкаюцца і іншыя перасяленцы з замежжа. А бо яны маглі б быць карысныя на рынку працы ў Беларусі.

Сяргей Ляўковіч адзначыў: прыклад жанчыны пацвярджае, што разумны кіраўнік знойдзе магчымасць прыняць на працу патрэбнага яго прадпрыемству работніка. Бюракратычных перашкод не павінна ўзнікаць, калі гаворка ідзе пра спецыялістаў, якія пацвярджаюць узровень сваёй кваліфікацыі, або пры ўладкаванні на працу, якая патрабуе некваліфікаванай працы.

Ён даручыў камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама вывучыць сітуацыю з уладальнікамі статусаў ВНЖ і ПМЖ і на працягу месяца прапанаваць механізмы іх уключэння ў эканоміку рэгіёна.
– Я паспяшаўся з добраўпарадкаваннем земляў агульнага карыстання ў вёсцы Шульцава, – пачаў аповяд наступны заяўнік. – Паблізу ўчастка, выдзеленага мне для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, зрабіў санітарную высечку лазняку.

Так лічыў мужчына. Але раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паглядзела на яго дзеянні з іншага ракурсу. За самавольнае выдаленне расліннасці яму выставілі патрабаванне аб пакрыцці нанесенай шкоды ў суме 1,8 тыс. руб. У выпадку добраахвотнага пакрыцця меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе штрафу прымяняць не будуць.

На прыёме грамадзяніну растлумачылі, што здаровыя (не аварыйныя, не небяспечныя) дрэвы на землях агульнага карыстання высякаць забаронена. Рашэнне аб выдаленні драўняна-хмызняковай расліннасці ў межах добраўпарадкавання прымаюць камісійна. Гэтаму папярэднічае складанне генеральнага плана далейшага развіцця населенага пункта і праекта высечкі. Ужо сама працэдура стварэння гэтых дакументаў патрабуе значных фінансавых укладанняў.

– У бюджэце раёна першапачаткова закладзена 160 тыс. руб. на добраўпарадкаванне, – паведаміў старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Дарожкін. – За гэтыя грошы трэба расчышчаць снег, падсыпаць дарогі, абкошваць траву…

Сяргей Леўковіч рэзюмаваў, што, нават дзейнічаючы з добрымі намерамі, нельга парушаць закон. Заяўнік можа ўзяць на сябе працу па выдаленні залішняй расліннасці ў населеным пункце, толькі калі выканкам прыме адпаведнае рашэнне.

Але праблема зарастання характэрна для многіх вёсак вобласці, мае вялікія маштабы. Магчыма, трэба выходзіць на больш высокі ўзровень з ініцыятывамі па спрашчэнні працэдуры санітарных высечак на землях населеных пунктаў.

Іншыя пытанні, з якімі грамадзяне звярнуліся да памочніка Прэзідэнта, датычыліся: абслугоўвання прыватнага жылога фонду, спрэчкі аб межах зямельных участкаў і вытворчага канфлікту. Усе праблемы вывучаць на працягу месяца, заяўнікам дадуць адказы.

vitebsk-region.gov.by