4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У горадзе Міёры і Міёрскім раёне (Віцебская вобласць) прайшла адукацыйная акцыя, прысвечаная Сусветнаму дню водна-балотных угоддзяў, у межах сумеснага праекта ЕС/ПРААН "Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь" ("Экапартнёрства"). Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дэпартаменце грамадскай інфармацыі ААН у Беларусі. Мэтай правядзення акцыі было павышэнне ўзроўню інфармаванасці мясцовага насельніцтва ў сферы захавання біяразнастайнасці на водна-балотных угоддзях, прыцягненне ўвагі жыхароў да праблемы аховы і правільнага выкарыстання заказніка "Ельня" - Рамсарскай тэрыторыі, а таксама тэрыторыі, важнай для птушак міжнароднага значэння. Акцыя пачалася з афіцыйнай сустрэчы ў Міёрскім райвыканкаме. Яе ўдзельнікі абмеркавалі каштоўнасць правядзення адукацыйных мерапрыемстваў для фарміравання беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя ў падлеткаў, намяцілі сумесныя планы на правядзенне грамадска значных экалагічных мерапрыемстваў у бліжэйшай будучыні. Удзельнікі акцыі падзяліліся на групы і адправіліся ў 5 мясцовых школ: у 3 гарадскія і 2 сельскія. Нягледзячы на моцны мароз (за акном тэрмометр паказваў мінус 27), госці, настаўнікі і вучні пачалі адкрыты ўрок у прызначаны час. У форме гульні і інтэрактыўных заданняў атрымалі шмат цікавай і карыснай інфармацыі: што такое верхавыя і нізінныя балоты, што расце і хто жыве на іх, а таксама даведаліся, чаму так важна захоўваць і ахоўваць флору і фаўну балота Вялікі Мох заказніка "Ельня". "У канцы ўрока адзін з вучняў вясковай школы Міёрскага раёна сказаў: "Цяпер я ганаруся, што жыву тут". А гэта значыць, што акцыя ўжо дала свае вынікі", - адзначыла кіраўнік праекта ЕС/ПРААН Вольга Чаброўская. Нацыянальнай выканаўчай арганізацыяй праекта з'яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праграма правядзення ўрокаў была распрацавана ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі аддзела адукацыі Міёрскага райвыканкама.