8 лістапада, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Сетку маладзёжных парламентаў плануюць стварыць ва ўсіх абласцях Беларусі. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў старшыня Маладзёжнай палаты пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў Уладзімір Кавалёў перад пачаткам сустрэчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з удзельнікамі Дыпламатычнай школы - аднаго з праектаў міжнароднай маладзёжнай канферэнцыі "Навуковыя імкненні-2012", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Мяркуецца, што маладыя парламентарыі з рэгіёнаў будуць дэлегавацца ў рэспубліканскі маладзёжны парламент, перспектывы стварэння якога абмяркоўваюцца. "Рэспубліканскі маладзёжны парламент можа збірацца раз ці два разы на год. Асновай яго працы стануць найбольш значныя праекты з тых, што рабяты будуць распрацоўваць на базе рэгіёнаў. Акрамя таго, маладыя парламентарыі будуць займацца аналізам законапраектаў па маладзёжнай праблематыцы", - распавёў Уладзімір Кавалёў. "Стварэнне рэспубліканскага маладзёжнага парламента ў Беларусі стане крокам на шляху да ўмацавання грамадзянскай супольнасці, да выпрацоўкі яшчэ больш дакладнай рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі", - лічыць ён. Старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Уладзімір Казбанаў нагадаў, што сёлета Міжпарламенцкай асамблеяй СНД быў адобраны праект палажэння аб Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі СНД. "Каб арганічна ўвайсці ў яе склад у кожнай дзяржаве СНД неабходна стварыць або мадэрнізаваць нацыянальны маладзёжны парламент", - адзначыў ён. Акрамя таго, на тэрыторыі краін - удзельніц Садружнасці плануюць стварыць міжнародную маладзёжную арганізацыю, у складзе якой маладыя людзі будуць рэалізоўваць сумесныя сацыяльныя праекты. "Неабходна прывіваць маладым людзям любоў не толькі да сваёй радзімы, але і да СНД у цэлым. Важна, каб мы не былі разрознены, кожны сам па сабе", - падкрэсліў Уладзімір Казбанаў. На яго думку, гэта дазволіць стварыць пазітыўны вобраз СНД у вачах сучаснай моладзі.