9 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сетка ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Беларусі будзе пашырацца. Пра гэта паведаміла сёння журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна падчас наведвання Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў пры маніторынгу работы ўстаноў сацабслугоўвання Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цяперашні час у Беларусі дзейнічаюць 74 дома-інтэрнаты і больш за 55 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Іх паслугі запатрабаваны. Акрамя таго, сацыяльныя паслугі на даму атрымліваюць больш за 130 тыс. чалавек, якія адзінокія альбо ў любы момант могуць сутыкнуцца з сітуацыяй немагчымасці пражывання ў хатніх умовах з-за ўзросту ці хвароб. "Такім чынам, дадзеная сістэма будзе толькі развівацца. Пры гэтым пастаўлена задача разгаліноўваць яе", - падкрэсліла міністр, растлумачыўшы, што маецца на ўвазе стварэнне дамоў пражывання з рознай ступенню камфортнасці.
"Павінна быць прадастаўлена магчымасць і платнага ўтрымання, бо ёсць людзі, якія гатовыя плаціць за высокі ўзровень камфорту пражывання сваіх бацькоў ці іншых сваякоў", - адзначыла Мар'яна Шчоткіна, выказаўшы зацікаўленасць у прыцягненні да іх стварэння і прыватных інвестараў. "Мы гатовыя аказаць ім неабходную падтрымку", - дадала яна.
Мар'яна Шчоткіна таксама закранула пытанне фінансавання комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады. "Запланаваныя на пяцігодку Br90 млрд. - гэта той гарантаваны ўзровень, які будзе выдзелены. Аднак з улікам развіцця сітуацыі магчыма карэкціроўка", - сказала міністр.-0-
БЕЛТА
Сетка ўстаноў сацабслугоўвання насельніцтва будзе пашырацца - М.Шчоткіна
9.9.20110 праглядаў