Вольная эканамічная зона "Віцебск" пашырыць свае межы за кошт новых пляцовак у Полацку і Наваполацку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік адміністрацыі ВЭЗ Сяргей Юркевіч.

У вобласці стаіць задача максімальна павысіць прывабнасць ВЭЗ, для чаго неабходна развіваць новыя пляцоўкі. "Ужо рыхтуецца дакумент аб пашырэнні межаў ВЭЗ і стварэнні сектароў у Полацку і Наваполацку, дзе ў перспектыве магчыма стварэнне нафтахімічнага кластара. Гэта будзе спрыяць павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці Полацкага рэгіёна. Думаю, на наступным тыдні аблвыканкам прыме рашэнне па гэтым пытанні. Наогул, ішлі да гэтага каля года. Таму што перш, чым ініцыяваць стварэнне новых сектароў, патрэбны напрацоўкі па інвестпраектах. Пустуючыя плошчы павінны прапаноўвацца альбо на аснове ўжо нейкіх дамоўленасцей з інвестарамі аб стварэнні прадпрыемстваў, альбо павінен быць хаця б праяўлены інтарэс да іх. У любым выпадку такая пляцоўка ў складзе ВЭЗ павінна прадугледжваць, што тут у бліжэйшы час з'явіцца кампанія", - растлумачыў кіраўнік адміністрацыі ВЭЗ Сяргей Юркевіч.

"Пакуль аб канкрэтных інвестпраектах гаварыць рана, дамоўленасці яшчэ не замацаваныя. Але сярод іх ёсць вельмі буйныя - з аб'ёмам інвестыцый $4-5 млн. З мінулага года аб'ём абавязковых інвестыцый зніжаны з 1 млн еўра да 500 тыс. еўра з умовай абавязковага ўкладання інвестыцый на працягу трох гадоў. А значыць, прывабнасць нашых пляцовак таксама павысілася, - адзначыў кіраўнік адміністрацыі ВЭЗ. - У тым ліку гэта тычыцца існуючых пляцовак, напрыклад, у Оршы, дзе мы зараз выходзім на дамоўленасць аб стварэнні новага сумеснaга прадпрыемства. Таксама працягваецца актыўнае развіццё інфраструктуры ў сектары №1 "Журжава" - асноўнай пляцоўцы ў Віцебску. Там у нас ёсць аснашчаныя неабходнымі камунікацыямі і гатовыя да асваення ўчасткі агульнай плошчай 40 га".

Сяргей Юркевіч чакае, што маючы адбыцца 11-12 мая ў Віцебску Міжнародны эканамічны форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы" падштурхне да перспектыўных ідэй для новых пляцовак ВЭЗ. А таксама дапаможа шырэй прадставіць патэнцыйным партнёрам наяўныя прапановы, інфраструктуру, кадры - фактары, якія зараз гуляюць вырашальную ролю.