Узаемадзеянне СЭЗ "Віцебск" з краінамі СНД узмацнілася. Пра гэта на форуме да 25-годдзя СЭЗ заявіў кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск" Міхаіл Скурат, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нягледзячы на знешні санкцыйны ціск, бізнес аператыўна пераарыентаваўся, навучыўся перабудоўвацца і шукаць новыя шляхі рэалізацыі сваіх ідэй, заўважыў Міхаіл Скурат. "Замежныя інвестыцыі працягваюць паступаць ад інвестараў з Польшчы, Кіпра, Чэхіі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Літвы, Іспаніі, Румыніі, Латвіі, Ірана, Расіі", - праінфармаваў ён.

Рэзідэнты СЭЗ сёння супрацоўнічаюць з больш чым 50 краінамі. Паводле даных на 1 чэрвеня, яны экспартавалі тавараў на $340 млн, агульны тавараабарот перавысіў $500 млн.

"Узмацнілася ўзаемадзеянне з краінамі СНД. Забяспечаны рост экспарту ў Туркменістан, Узбекістан, Азербайджан, Таджыкістан і Казахстан, - сказаў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ. - Рэзідэнты ажыццяўляюць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з 71 рэгіёнам Расіі, экспарт у якую склаў $217 млн (тэмп росту - 123,6%)".

Больш за 60% у агульным аб'ёме складае экспарт ізаляваных правадоў, кабеляў, тэлевізараў, манітораў і праектараў, шклавалокна і вырабаў з яго, а таксама абсталявання для водаачысткі і водападрыхтоўкі, ільняных тканін, перапрацаванай рыбы, пластмасавай тары, пласкага пракату з белай бляхі.
Форум "СЭЗ: магчымасці і перспектывы для бізнесу ў новых умовах" сабраў сёння каля 140 чалавек. Удзельнікамі дыскусіі сталі прадстаўнікі гарадскіх і абласных улад, міністэрстваў і ведамстваў, пасольства Індыі, кіраўнікі прадпрыемстваў рэзідэнтаў і дзелавыя партнёры СЭЗ "Віцебск".

belta.by