22 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сезон навагодніх кірмашоў і распродажаў у Віцебскай вобласці адкрыецца 1 снежня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама.
У Віцебску, Оршы, Полацку, Наваполацку і ўсіх раённых цэнтрах рэгіёна з 1 снежня па 7 студзеня па выхадных днях будуць праводзіцца пашыраныя кірмашы-продажы тавараў па зніжаных цэнах з удзелам прадпрыемстваў прамысловасці, харчовай галіны, гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання. Сваю прадукцыю прадставяць таксама сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. "На кірмашах жыхары вобласці змогуць не толькі набыць неабходныя тавары і прадукты, але і выбраць па душы падарункі для сваіх родных і блізкіх", - адзначылі спецыялісты, дадаўшы, што для поўнага забеспячэння патрэб пакупнікоў прадпрыемствы гандлю прыступілі да назапашвання неабходных тавараў.
Продажы галоўнага атрыбута Новага года - елак або соснаў - пачнуцца з 17 снежня. Аднак падрыхтоўка да доўгачаканага свята ў вобласці ўжо вядзецца поўным ходам. Так, у гандлёвых прадпрыемствах адкрыліся спецыяльныя секцыі па продажы навагодніх цацак і дзіцячых касцюмаў. Вітрыны магазінаў, аб'ектаў грамадскага харчавання з кожным днём сваімі яркімі агнямі і фантазійнымі ўпрыгожваннямі ўсё больш нагадваюць аб набліжэнні навагодняй ночы, а на прылаўках харчовых магазінаў з'явіліся дзіцячыя навагоднія падарункі. Адчуць блізкае дыханне свята могуць усе жыхары Віцебска, наведаўшы плошчу Перамогі, дзе сёння пачалася ўстаноўка галоўнай навагодняй елкі горада.-0-
БЕЛТА
Сезон навагодніх кірмашоў і распродажаў у Віцебскай вобласці адкрыецца 1 снежня
22.11.20110 праглядаў