15 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сезон навагодніх кірмашоў стартуе ў Віцебску 1 снежня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме.
З 1 снежня па 7 студзеня ў абласным цэнтры штотыднёва па выхадных днях будуць праходзіць кірмашы-распродажы тавараў па зніжаных цэнах з удзелам арганізацый прамысловасці, гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва, а таксама тых, што ажыццяўляюць вытворчасць і перапрацоўку прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Для правядзення кірмашоў вызначаны чатыры пляцоўкі.
У пачатку другой паловы снежня адкрыюцца і ёлачныя базары. Яны сёлета разгорнуцца на 20 пляцоўках. Пры гэтым іх сетка будзе максімальна зручнай для гараджан. Пашыраныя ёлачныя базары пройдуць напярэдадні Каляд і Новага года.
Хоць да гэтых доўгачаканых святаў яшчэ больш за месяц, горад ужо пачаў рыхтавацца да іх сустрэчы, адзначылі спецыялісты. Першымі святочны настрой пачалі "ўключаць" аб'екты гандлю, якія ўпрыгожваюць прыбранымі гірляндамі, яркімі шарамі і іншай навагодняй атрыбутыкай свае гандлёвыя рады і вітрыны. У некаторых харчовых крамах ужо з'явіліся асобныя паліцы з падарункамі для дзяцей, а ў буйных гандлёвых цэнтрах паступова разгортваюцца спецыяльныя гандлёвыя рады, якія прапануюць шырокі выбар разнастайнай навагодняй прадукцыі і сувеніраў.-0-
БЕЛТА
Сезон навагодніх кірмашоў стартуе ў Віцебску 1 снежня
15.11.20120 праглядаў