Ацяпляльны перыяд практычна завяршыўся, аднак камунальным службам няма часу для разварушвання, неабходна рыхтаваць жылы і вытворчы сектары да халадоў. Вынікі яго дэталёва прааналізаваны на чарговым пасяджэнні райвыканкама. Да 2011 года былі створаны неабходныя запасы паліва, выкананы значны аб'ём падрыхтоўчых работ, накіраваных на зніжэнне спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў і павелічэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва.

Калектывамі КУВП ЖКГ «Лепель» і КУВП «Бароўка» была забяспечана безаварыйная праца ўсіх цеплакрыніц, бесперабойнае забеспячэнне палівам і падачу цеплавой энергіі ў жылы фонд, вытворчыя памяшканні, на аб'екты сацыяльнага і культурнага прызначэння.

Укараняліся энергазберагальныя тэхналогіі. Усімі суб'ектамі гаспадарання раёна за 2011 год зніжана спажыванне энергурэсурсаў на 1561 тон умоўнага паліва. Заданне па мэтавым паказчыку энергазберажэння за 2011 год таксама выканана.
У мінулым ацяпляльным перыядзе паступіла 50 зваротаў, па кожным выпадку прымаліся аператыўныя меры.

Па-ранейшаму застаецца высокай запазычанасць прадпрыемстваў і арганізацый, насельніцтва горада і раёна за спажытыя энергурэсурсы. Між тым менавіта на недаатрыманыя грошы можна было б выканаць значны аб'ём работ па падрыхтоўцы аб'ектаў сацкультбыту да зімы.

Кадравая праблема таксама патрабуе свайго рашэння. Камунальныя прадпрыемствы недаўкамплектаваны кіруючымі кадрамі, спецыялістамі, па нізкааплачваемых прафесіях адчуваецца недахоп работнікаў.

Прынята рашэнне распрацаваць да 1 чэрвеня 2012 года і рэалізаваць да 1 кастрычніка 2012 года арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, якія забяспечваюць устойлівае і надзейнае паліўнае забеспячэнне, энергазабеспячэнне прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва, функцыянаванне аб'ектаў сацыяльнай сферы і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў асенне-зімовы перыяд 2012-2013 года, прадугледзець у іх меры па зніжэнні затрат, эканоміі матэрыяльных і энергетычных рэсурсаў згодна з патрабаваннямі Дырэктывы № 3. Неабходна стварыць запасы паліва на падведамасных прадпрыемствах і арганізацыях у адпаведнасці з даведзеным заданнем.

Уладзімір ШЭЎЧАНКА