3 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сельгаспрадпрыемствы Віцебскай вобласці ўбралі бульбу на плошчы амаль 5,6 тыс.га, што складае каля 85% да плана, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Па даных на 3 кастрычніка, усяго па вобласці сабрана звыш 111,3 тыс.т бульбы, што амаль у два разы перавышае вынік уборкі на аналагічную дату 2010 года. Сярэдняя ўраджайнасць культуры склалася на ўзроўні 200 ц/га - гэта больш чым на 40% вышэй за паказчык мінулага года.
Першымі ў вобласці працу на бульбяным полі завяршылі гаспадаркі Шаркаўшчынскага, Мёрскага і Расонскага раёнаў. Самы вялікі ўраджай саспеў на палях Талачынскага кансервавага завода, дзе ўраджайнасць складае каля 500 ц/га. Спецыялістамі прадпрыемства ўбрана больш за 90% плошчаў бульбы, скапана звыш 28 тыс.т.
Акрамя таго, у вобласці актыўна ідуць работы на агароднінным полі. Так, буракі ўбраны на плошчы каля 70%, скапана каля 4,7 тыс.т пры ўраджайнасці 198,2 ц/га. Ураджай морквы складае каля 3,5 тыс.т, пры гэтым убрана каля 50% плошчаў. Большасць раёнаў прыступілі да збору капусты, якая ўбрана на чвэрці ўсіх плошчаў. Нарыхтавана 2,4 тыс.т пры сярэдняй ураджайнасці 337 ц/га.
Кармавая кукуруза скашана на 79 тыс.га, або 75,3% да плана. Валавы збор зялёнай масы перавышае 2,6 млн.т пры сярэдняй ураджайнасці 337,9 ц/га. Усяго ў гаспадарках вобласці нарыхтавана амаль 1,2 млн.т кармавых адзінак, заданне па гэтым паказчыку выканана больш чым на 94%. Забяспечанасць кармамі на ўмоўную галаву жывёлы складае 25,81 ц кармавых адзінак.-0-
БЕЛТА
Шаркаўшчынскі, Расонскі і Мёрскі раёны першымі ў Віцебскай вобласці завяршылі ўборку бульбы
3.10.20110 праглядаў