17 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародны шахматны турнір пройдзе 23-29 студзеня ў Воршы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Аршанскай гарадской федэрацыі шахмат Мікалай Зарубіцкі.
Мерапрыемства, арганізаванае ў Воршы дзясяты раз, збярэ 350 удзельнікаў ва ўзросце ад 6 да 70 гадоў з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Малдовы, Латвіі і Эстоніі.
Шахматыстам трэба будзе прадэманстраваць сваё майстэрства ў узроставых катэгорыях (да 10 гадоў, да 12, да 14, да 16, старэйшыя за 16 гадоў), а таксама прыняць удзел у рэйтынгавым турніры, дзе ў залежнасці ад паспяховасці выступлення яны змогуць палепшыць свае пазіцыі ў агульным рэйтынгу. Акрамя таго, спецыяльна для прафесіяналаў адбудзецца турнір, у якім выступяць толькі майстры міжнароднага ўзроўню. Чакаецца, што перамогу ў гэтым спаборніцтве будуць аспрэчваць каля 20 шахматыстаў.
Акрамя інтэлектуальных спаборніцтваў, для ўдзельнікаў турніру падрыхтавана цікавая экскурсійная праграма па памятных мясцінах Воршы.
Арганізатарам мерапрыемства выступаюць Аршанскі гарвыканкам і Беларуская федэрацыя шахмат.-0-
БЕЛТА
Шахматысты з сямі краін збяруцца на турнір у Воршы
17.1.20120 праглядаў