За 6−7 студзеня 2019 года ў Беларусі зафіксавана шэсць выпадкаў, калі людзі пацярпелі падчас катання на цюбінгу.
У Фрунзенскім раёне Мінска 6-гадовы хлопчык пры спуску на цюбінгу з гары ўдарыўся галавой аб дрэва і атрымаў множныя пераломы і траўмы. Падобная гісторыя адбылася ў вёсцы Лескаўка Мінскага раёна. Там 8-гадовая дзяўчынка таксама ўдарылася галавой аб дрэва і атрымала множныя пераломы і траўмы.
У Цэнтральным раёне Мінска 9-гадовая дзяўчынка таксама спускалася з гары на цюбінгу і сутыкнулася галавой з іншым дзіцем. У дзяўчынкі цяжкія траўмы. У Ваўкавыску 11-гадовы хлопчык ударыўся спіной аб камяні і атрымаў цяжкія траўмы, разрывы ўнутраных органаў.
У Савецкім раёне Мінска 8-гадовы хлопчык ударыўся галавой аб дрэва. З множнымі траўмамі і пераломамі ён знаходзіцца ў рэанімацыі.
Яшчэ адзін няшчасны выпадак адбыўся ў Магілёве. 24-гадовы мужчына катаўся на цюбінгу з горкі ў парку, ударыўся галавой аб ліхтарны слуп і загінуў.
Па ўсіх фактах праводзіцца даследчая праверка.
Ратавальнікі нагадваюць, што падчас катання на цюбінгах (надзіманых санках, ватрушках, пончыках, бубліках) трэба быць уважлівымі пры звароце са спартыўным інвентаром і не забываць у першую чаргу пра бяспеку дзяцей. Бо спуск з горкі на цюбінгу адбываецца за кошт сілы гравітацыі і ў залежнасці ад сілы трэння, то рухацца можна даволі хутка, а кіраваць «ватрушкай» не так проста - становішчам цела, змяняючы цэнтр цяжару, што ў дзяцей не заўсёды атрымліваецца на вялікай хуткасці.
Падчас адпачынку зімой трэба:
- пазбягаць актыўнага адпачынку паблізу аўтамабільных дарог, чыгуначных шляхоў, замерзлых вадаёмаў, а таксама іншых месцаў, якія з'яўляюцца зонай павышанай небяспекі;
- не выкарыстоўваць для катання схілы і спускі, на маршрутах якіх прысутнічаюць староннія аб'екты, якія могуць стаць крыніцай траўматызму (дрэвы, сцены будынкаў, слупы і інш.);
- выкарыстоўваць ахоўныя сродкі (налокатнікі, накаленнікі, шлемы);
- звяртаць увагу на ўзроставыя абмежаванні, пазначаныя ў інструкцыях да спартыўнага інвентару;
- не адпускаць маленькіх дзяцей катацца адных.