12 лістапада, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Шэсць прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі падалі ў Цэнтрвыбаркам дакументы для рэгістрацыі кандыдатамі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. У Цэнтрвыбаркаме знаходзяцца пакеты неабходных для рэгістрацыі дакументаў ад дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ад Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Правальскага. Аднак апошні шанцаў на рэгістрацыю ў якасці кандыдата не мае, паколькі ў яго падтрымку не сабрана неабходная колькасць подпісаў. Да 13 лістапада ўсе прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду павінны прадаставіць у ЦВК пісьмовую заяву аб згодзе балатавацца кандыдатам у прэзідэнты, анкету з біяграфічнымі звесткамі і дэкларацыю аб даходах і маёмасці (асобы, вылучанай кандыдатам, яго жонкі, паўналетніх блізкіх сваякоў, якія пражываюць з ім сумесна і вядуць агульную гаспадарку). Падчас цяперашняй выбарчай кампаніі патэнцыйным кандыдатам будзе дазволена памыліцца на 20% пры падліку сукупнага гадавога даходу і гэта не будзе з'яўляцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі. Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе, як мяркуецца, 18 лістапада. Рэальныя шанцы стаць кандыдатамі ўпершыню ў Беларусі маюць 10 чалавек. Выбары Прэзідэнта Беларусі адбудуцца 19 снежня.-0-

БЕЛТА