Шестнаццаць рэжысёраў з Беларусі прадставяць новыя фільмы падчас пітчынга на XXIII Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад", паведамілі БЕЛТА арганізатары кінафоруму.
Шестнаццаць рэжысёраў з Беларусі прадставяць новыя фільмы падчас пітчынга на XXIII Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад", паведамілі БЕЛТА арганізатары кінафоруму.
Сёлета на фестывалі з 5 па 10 лістапада працуе індустрыяльная платформа, якая прадугледжвае адукацыйны пітчынг і "сцэнарнае сватанне". Так, пітчынг стартуе 10 лістапада ў галерэі Міхаіла Савіцкага. Шаснаццаць беларускіх рэжысёраў прадставяць новыя фільмы на суд дзеячаў сусветнай кінаіндустрыі. Сярод удзельнікаў - вядомыя аўтары, пераможцы нацыянальнага конкурсу "Лістапада-2015". Разам з тытулаванымі рэжысёрамі абараняць свае праекты прыйдуць пачаткоўцы кінематаграфісты. З 10.00 да 17.00 удзельнікі пітчынга абмяркуюць праекты будучых кінастужак.
У якасці ментараў выступяць Віктар Нордэншэльд, шведскі прадзюсар і кінадакументаліст, і Алекс Шыраеў, рэжысёр, прадзюсар дакументальных фільмаў, заснавальнік праекта аб'яднання кінадакументалістаў B2B Doc. Па выніках працоўнага дня адбудзецца прэзентацыя лепшых праектаў і ўзнагароджанне пераможцаў.
Што тычыцца "сцэнарнага свацця", яно, на думку арганізатараў, абяцае стаць не менш значнай падзеяй індустрыяльнай платформы 10 лістапада. Новы фармат працы нацэлены на прасоўванне і раскрыццё патэнцыялу беларускіх сцэнарыстаў. Наталля Барабошкіна, Кірыл Вевель, Павел Расолька, Віталь Гірон, Дзяніс Грыневіч прадставяць свае сцэнарыі перад рэжысёрамі і прадзюсарамі. Запланавана чытка сцэн акцёрамі са сцэнарыяў Дар'і Клінавай, Сафіі Фаміной, Вольгі Драчук. Драматург і рэжысёр Віктар Красоўскі прадставіць асобныя сцэны са спектакля "Patris" - пастаноўкі ў жанры дакументальнага тэатра пра радзіму і патрыятызм.
У цэлым арганізатары індустрыяльнай платформы маюць намер спрыяць выбудоўванню прафесійнай камунікацыі паміж рэжысёрамі, прадзюсарамі і сцэнарыстамі.
XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" завершыцца 11 лістапада, карціна закрыцця - "Астаткавыя выявы" вядомага польскага кінарэжысёра Анджэя Вайды. Цырымонія закрыцця "Лістапада-2016" адбудзецца ў кінатэатры "Масква".
Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпараэйшн". Арганізатары форуму – Міністэрства культуры, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.