Сярэдняй школе № 3 Віцебска прысвоілі імя яе выпускніка, воіна-інтэрнацыяналіста Леаніда Мікалаевіча Беліцкага, які гераічна загінуў у Афганістане.

Леанід Мікалаевіч Беліцкі нарадзіўся 2 мая 1956 года ў Віцебску, скончыў вышэйшае ваеннае лётнае вучылішча ў Сызрані, служыў у Беларускай ваеннай акрузе. У 1983 годзе быў накіраваны ў Афганістан на пасаду намесніка камандзіра эскадрыллі па палітычнай частцы.

Леанід Мікалаевіч здзейсніў 1008 баявых вылетаў на падтрымку баявых дзеянняў наземных войскаў, у тым ліку 15 на горныя, цяжкадаступныя пляцоўкі. 27 жніўня 1984 года пры высадцы тактычнага паветранага дэсанту яго верталёт быў збіты мяцежнікамі.

За мужнасць і гераізм узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За адвагу». Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна і медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі навучэнцы і адміністрацыя школы, кіраўніцтва аблвыканкама, гарвыканкама, Кастрычніцкага раёна Віцебска, прадстаўнікі ветэранскіх і грамадскіх арганізацый, а таксама брат і пляменнік Леаніда Беліцкага.

– Вельмі сімвалічна, што такая знакавая падзея, як прысваенне сярэдняй школе № 3 Віцебска імя яе выпускніка Леаніда Мікалаевіча Беліцкага, праходзіць напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 33-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. – Такія мерапрыемствы паказваюць, што хоць і прайшло 38 гадоў з дня гібелі Леаніда Мікалаевіча Беліцкага, мы шануем і памятаем нашых герояў, якія тады абаранялі інтарэсы савецкага народа. І самае галоўнае – перадаём маладому пакаленню веданне пра любоў да Радзімы, гонар і мужнасць.

Пасведчанне аб прысваенні сярэдняй школе № 3 Віцебска імя яе выпускніка Леаніда Мікалаевіча Беліцкага ўручыў намеснік старшыні гарвыканкама Віктар Глушын. Цяпер у Віцебскай вобласці імёны воінаў-інтэрнацыяналістаў будуць насіць 4 школы.