26 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Школьнікі з вёскі Клясціцы Расонскага раёна прадставяць свой музей на міжнародных гісторыка-краязнаўчых чытаннях "Старонкі гісторыі Айчыннай вайны 1812 года прыгранічных тэрыторый Расіі, Латвіі, Беларусі", расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалогіі Расонскага райвыканкама. Міжнародныя чытанні адкрыюцца ў Себежы (Пскоўская вобл. Расіі) 27 чэрвеня. У іх возьмуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Латвіі і Расіі. Так, супрацоўнікі Лудзенскага краязнаўчага музея Латвіі прысвецяць сваё выступленне заслугам героя Айчыннай вайны 1812 года Якава Кульнева, які нарадзіўся недалёка ад вёскі Клясціцы Расонскага раёна і загінуў у баі каля гэтай вёскі. Характэрна, што вучні Клясціцкай сярэдняй школы таксама возьмуць удзел у чытаннях і правядуць віртуальную экскурсію па экспазіцыі аб Айчыннай вайне 1812 года, якая дзейнічае ў школьным музеі народнай славы. У экспазіцыі - рэканструкцыі абмундзіравання рускіх і французскіх войскаў, інсталяцыі цацачных баталій. Ёсць і экспанаты, датаваныя 1812 годам, - аскепкі ядраў, фрагменты баявой зброі, шаблі, якія знойдзены на дне рэчкі Нішчы. Школьны музей вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Сюды на экскурсіі нярэдка прыязджаюць расійскія турысты. Акрамя школьнікаў у чытаннях возьмуць удзел расонскі краязнавец Дзмітрый Кузякоў, які прадставіць сваё даследаванне "Расоны ў 1812 годзе: падзеі, лёсы, памяць", а таксама захавальнік фондаў Валынецкага музея ім. І.Д.Чарскага з Верхнядзвінскага раёна Надзея Сасноўская, якая раскажа пра невядомыя старонкі бою пры Свольна. Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі міжнародных чытанняў адправяцца з цудатварнай іконай Божай Маці "Уміленне" Пскова-Пячэрскай у Клясціцы на поле ратнай славы, дзе будзе адслужана ліція па загінулых воінах у Клясціцкай бітве перад цудатварным абразом Прасвятой Багародзіцы.