Шэсць спраў у шосты дзень

Асноўныя справы – урокі здароўя і працоўнае выхаванне. Восьмыя і дзявятыя класы па суботах ладзяць спаборніцтвы па валейболе і баскетболе. Кожная другая субота месяца – абавязкова Дзень здароўя. У школе праходзяць спартыўныя святы “Вас выклікае спортландыя”, “Сіла і грацыя”, “Віват, скіпінг” і іншыя. Нядаўна прайшлі акцыі “Чысты двор”, дзеці навялі парадак на школьнай тэрыторыі пасля зімы. Тым часам дзясяты і адзінаццаты класы па суботах рыхтуюцца да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання.

 Ці мяняюць колер расліны?

 Гуртком “Дзіўныя доследы з раслінамі” кіруе біёлаг Аліна Бастынец. Вучні 6-8 класаў праводзяць нетрадыцыйныя доследы: фарбуюць тканіны шалупіннем цыбулі, здабываюць фарбавальнікі з восеньскай лістоты, пакаёвых раслін, змяняюць колер афарбоўкі раслін, напрыклад, кветкі прымулы – з чырвонага на сіні і г.д. Работа сямікласніцы Кацярыны Залізняк заняла першае месца на раённай канферэнцыі даследчых работ па хіміі.

 Дарогі, якія мы выбіраем

 У выпускных дзявятым і адзінаццатым класах праведзены шэраг класных гадзін. Арганізавана бацькоўская сустрэча “Дарогі, якія выбіраюць нашы дзеці”, праведзена прэс-канферэнцыя з былымі выпускнікамі школы, на якую прыйшлі супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Вершалоўскі, студэнткі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Лілія Гарбёнак і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Юлія Ізмайловіч. Яны расказалі пра асаблівасці паступлення ў ВНУ, падзяліліся досведам студэнцкага жыцця. Вучні падарылі сімвалічныя падарункі гасцям.


 Дзеці прынялі ўдзел у экскурсіях на пошту, у амбулаторыю, аптэку. Праведзены гутарка “Прафесіі маіх бацькоў” і конкурс малюнкаў “Мая будучая прафесія”. У гуртку “Умелыя рукі” арганізаваны заняткі па тэме “Калейдаскоп прафесій”. Вынікі прафарыентацыі падведзены на педагагічным савеце.
 Месяцы сталі тыднямі

 З прычыны таго, што школа малаколькасная – усяго сорак восем вучняў – тут замест месячнікаў вырашылі праводзіць тэматычныя тыдні – як прадметныя, так і выхаваўчыя.

 Сёлета прайшлі тыдні здароўя, правазнаўчых ведаў, прафарыентацыі, грамадзянска-патрыятычнага выхавання, сям’і і экалогіі. Абавязковай умовай кожнага тыдня было правядзенне шэрагу пазнавальных і забаўляльных мерапрыемстваў. Апошнім па часе быў тыдзень сям’і: дзеці з пятага па дзявяты класы стваралі сямейны радавод, прайшлі класныя гадзіны па сямейным выхаванні.

 Нестандартнае мастацтва