Школы і дзіцячыя сады Віцебскай вобласці рэалізуюць амаль 70 інавацыйных праектаў у адукацыі
18.11.20110 праглядаў
18 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Установы адукацыі Віцебскай вобласці рэалізуюць амаль 70 інавацыйных праектаў, накіраваных на распрацоўку новых адукацыйных сістэм і тэхналогій, у тым ліку 20 рэспубліканскіх. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла метадыст аддзела інавацыйнага развіцця ўстаноў адукацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Любоў Віленчык.
Інавацыйная работа ў адукацыйнай сферы ахоплівае сістэму дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, у якіх створаны і працуюць больш за 160 эксперыментальных, інавацыйных і творчых пляцовак па вырошчванні новых адукацыйных практык. Так, у вобласці рэалізуюцца доўгатэрміновыя праекты "Этнашкола", "Этнасад", якія прадугледжваюць стварэнне такой мадэлі адукацыйнай установы, якая забяспечвае ўмовы для фарміравання чалавека з высокім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці. Мадэль этнашколы ўкараняецца ў практыку работы школ Полацкага, Глыбоцкага, Лёзненскага, Браслаўскага і Чашніцкага раёнаў, а таксама Наваполацкай сярэдняй школы №5 і ясляў-сада №72 у Віцебску.
Адным з важных напрамкаў тэматыкі інавацыйных праектаў з'яўляецца экалагічная адукацыя і праблема экалогіі чалавека, у тым ліку экалогіі адукацыі. Шэраг устаноў вызначылі для сябе вырашэнне такіх праблем праз укараненне сістэмы арганізацыі дзейнасці рэсурсных цэнтраў комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця (школа №12 г.Наваполацка, школа №16 г.Орша і гімназія №4 г.Віцебска), а таксама педагагічнай сістэмы "Школа экалагічнай культуры" (Наўкінская сярэдняя школа Віцебскага раёна, Чапукоўская сярэдняя школа Міёрскага раёна, Алексініцкая школа Сенненскага раёна). Пяць дашкольных устаноў выбралі для сябе мадэлі па экалагічным выхаванні дзяцей малодшага ўзросту і па фарміраванні культуры энерга- і рэсурсазберажэння сродкамі пазнавальна-практычнай дзейнасці.
Акрамя таго, у вобласці паспяхова ўкараняюцца інавацыйныя мадэлі школ індывідуальнага развіцця. Усяго педагогі-наватары вобласці распрацавалі некалькі дзясяткаў мадэлей, накіраваных на рэалізацыю індывідуальных магчымасцей навучэнцаў, у тым ліку такіх як "Школа асобаснага росту", "Школа агратэхнічнай культуры" і "Школа – цэнтр аграгарадка", "Школа–фабрыка" і інш. Шэраг інавацыйных праектаў звязаны з укараненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс, развіццём інфармацыйнай культуры педагогаў, а таксама з мадэрнізацыяй інфармацыйнай прасторы сельскай школы.
За апошнія дзесяць гадоў акцэнт на інавацыйную дзейнасць дазволіў адукацыйным сістэмам гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці забяспечыць планамерную і сістэматычную даследчую працу творчых педагагічных калектываў, праблемных груп і педагогаў-наватараў, адзначылі спецыялісты.-0-
БЕЛТА