У паставах у спартыўна-турыстычным комплексе "Азёркі" 18 жніўня пройдзе І інклюзіўнае свята-фестываль для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі "Асаблівыя, як усе", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА яго арганізатар Рыта Шылей.
Удзел у такіх святах не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў - глыток свежага ветру, магчымасць змяніць абстаноўку. "Мы шмат размаўляем з сем'ямі, дзе выхоўваюць асаблівых дзяцей. Адна з задач свята - вывесці бацькоў і дзяцей са сценаў іх дамоў, даць магчымасць эмацыйна адпачыць і пазнаёміцца паміж сабой. У цяперашні час выказалі жаданне паўдзельнічаць у фестывалі дзясяткі сем'яў з Пастаў і раёна, Глыбокага, Браслава. Радуе, што будзе шмат дзяцей з сельскай мясцовасці", - адзначыла Рыта Шылей.
Свята пачнецца ў 12.00. Для дзяцей арганізуюць цікавыя і захапляльныя мерапрыемствы. Асаблівых дзяцей будуць забаўляць аніматары, міні-зоапарк, запланавана катанне на конях. Арганізуюць фотазоны з прафесійнымі фатографамі, шоу мыльных пузыроў, аквагрым, фуд-зону з улікам асаблівасцей харчавання дзяцей. Таксама для гасцей правядуць розныя майстар-класы - ад вырабу паштовак да робататэхнікі. Для дзяцей падрыхтаваны падарункі і цыркавое прадстаўленне.
Абавязковая ўмова ўдзелу ў свяце - прайсці папярэднюю рэгістрацыю па нумары 8 (029) 719-70-55. Для ўдзельнікаў фестывалю ўсё будзе бясплатна.
Фестываль пройдзе пры падтрымцы Пастаўскага райвыканкама, спартыўна-турыстычнага комплексу "Азёркі", раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.