20 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Штаб па маніторынгу і ліквідацыі наступстваў снегападу створаны ў Віцебскай вобласці. Распараджэнне аб прыняцці мер па папярэджанні негатыўных наступстваў прыродных з'яў падпісана сёння старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Касінцам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аблвыканкаме. У сувязі з неспрыяльнымі метэаралагічнымі ўмовамі, звязанымі з выпадзеннем вялікай колькасці снежных ападкаў і прагназуемым у бліжэйшы час няўстойлівым надвор'ем, для папярэджання негатыўных наступстваў і забеспячэння ўстойлівага функцыянавання аб'ектаў жыццезабеспячэння і на выкананне тэлеграмы Саўміна у вобласці створаны штаб, які ўзначальвае намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анатоль Дзіулін. У склад штаба ўвайшлі начальнік абласнога ўпраўлення МНС, кіраўнікі службаў аблвыканкама, якія адказваюць за камунальную гаспадарку, транспарт, ахову здароўя, энергетыку і паліва. Аналагічныя штабы і рабочыя групы ствараюцца ў раёнах вобласці. У вобласці арганізуецца кругласутачнае дзяжурства тэхнікі для расчысткі ад снегу дарог, пад'ездаў да будынкаў, збудаванняў, крыніц водазабеспячэння. Узмоцнена работа аварыйна-дыспетчарскіх службаў, прыведзены ў гатоўнасць мабільныя кацельні, аўтаномныя крыніцы энергазабеспячэння, забяспечана рэзерваванне брыгад хуткай медыцынскай дапамогі для наведвання хворых на даму. Акрамя таго, праводзіцца работа па ачыстцы ад снегу і лёду дахаў жылых дамоў, будынкаў, вытворчых, сельскагаспадарчых аб'ектаў. Жыхары вобласці будуць аператыўна інфармавацца аб метэаралагічнай абстаноўцы, якая складваецца. Па дадзеных Віцебскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, за мінулыя суткі ў Віцебску выпала дэкадная норма ападкаў. Снежны полаг у абласным цэнтры павялічыўся на 6 см 19 мм. У цэлым па вобласці найбольшая вышыня снегу адзначалася па поўначы рэгіёна (парадку 15 см), найменшая (8-10 см) - па паўднёвым усходзе. Вецер месцамі дасягаў 15-16 м/с. Такое ж няўстойлівае надвор'е ў сувязі з актывізацыяй цыкланічнай дзейнасці чакаецца ў бліжэйшыя дні. Начная тэмпература паветра будзе вагацца ў межах 3-8 градусаў ніжэй за нуль, пры праясненнях - да мінус 10-15 градусаў. Днём слупок тэрмометра не апусціцца ніжэй за пяць градусаў марозу.-0-

БЕЛТА