12 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Шведская мадэль адаптацыі інвалідаў паспяхова рэалізуецца ў Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік праекта "Сацыяльная інтэграцыя дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскай вобласці" Ульф Бенгтсан, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праект "Сацыяльная інтэграцыя дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскай вобласці" рэалізуецца сумесна са шведскім горадам Хальмстад з 2009 года і завяршаецца ў 2012 годзе. Шведскі ўрад выдзеліў на яго 130 тыс. еўра. Сярод найважнейшых мэт праекта яго ўдзельнікі называюць паляпшэнне ўмоў і якасці жыцця дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, садзейнічанне іх інтэграцыі ў грамадства, а таксама змяненне негатыўных стэрэатыпаў, якія склаліся ў дачыненні да інвалідаў. У межах рэалізацыі праекта выдадзены даведачна-метадычныя рэкамендацыі і дапаможнікі, якія адлюстроўваюць перадавы досвед шведскіх спецыялістаў. Праведзены сумесныя круглыя сталы, канферэнцыі па абмене вопытам і ведамі. Дзесяць спецыялістаў сацыяльнай службы Віцебскай вобласці стажыраваліся ў Хальмстадзе і вывучалі шведскую сістэму рэабілітацыі і адаптацыі людзей з асаблівасцямі развіцця. На думку Ульфа Бенгтсана, за час рэалізацыі праекта ў рэгіёне адбыліся пазітыўныя змены якасці жыцця маладых інвалідаў. Сталі відавочныя паляпшэнні ў дзейнасці па інтэграцыі людзей з асаблівасцямі развіцця. Намяцілася сістэмная праца, павысіўся прафесіяналізм работнікаў, палепшылася стаўленне да гэтай катэгорыі людзей у грамадстве. Больш цікавымі і разнастайнымі сталі формы працы з маладымі інвалідамі. Разам з тым нямала трэба яшчэ зрабіць для іх сацыялізацыі. Шведскія партнёры прабудуць у вобласці чатыры дні. За гэты час яны азнаёмяцца з дзейнасцю валанцёраў - студэнтаў факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі Віцебскага дзяржуніверсітэта, наведаюць сацыяльныя ўстановы ў Сенненскім і Аршанскім раёнах. -0-

БЕЛТА