Прадстаўнікі ўстаноў адукацыі раёна выйшлі на спартыўную пляцоўку, каб паказаць сваю хуткасць, трапнасць і ўменне працаваць у камандзе.

Прадстаўнікі ўстаноў адукацыі раёна выйшлі на спартыўную пляцоўку, каб паказаць сваю хуткасць, трапнасць і ўменне працаваць у камандзе.
Спаборніцтва ўжо даўно стала знакавай падзеяй у жыцці Лепельшчыны, таму не дзіўна, што «пархаючы мяч» сабраў нямала заўзятараў.
Перад пачаткам турніру да ўдзельнікаў з прывітальным словам звярнуўся благачынны Лепельскай акругі протаіерэй Сергій Лешкевіч і пажадаў удалай гульні.
Спаборніцтвы на працягу двух дзён праходзілі ў гульнявых залах гімназіі ім. І.М. Ерашова г. Лепеля і сярэдняй школы №3, да якіх былі дапушчаны вучні 2006 года нараджэння і малодшыя. Пераможцы і прызёры вызначаліся па колькасці набраных ачкоў. У выпадку роўнасці ачкоў у 2-х і больш каманд пераможца вызначаўся па асабістай сустрэчы, па суадносінах партый паміж камандамі, па агульным суадносінах партый, а таксама па суадносінах набраных ачкоў у партыях паміж камандамі.
У гэтыя дні многія аднакласнікі членаў каманд падчас перапынкаў і пасля ўрокаў «перакваліфікаваліся» ў заўзятараў і сачылі за гульнёй.
У няпростых валейбольных «баталіях» перапляталіся азарт і хуткасць, радасць перамогі і горыч паразы. Барацьба ў кожнай партыі была вельмі цікавай і захапляльнай, а часам і непрадказальнай. Да апошняга не было зразумелым, хто ж будзе фіналістам.
Удзельнікі спаборніцтва годна змагаліся ў кожнай партыі, а заўзятары атрымалі масу задавальнення, назіраючы за выдатнымі гульнямі.
Так, напрыклад, першае супрацьстаянне каманд сярэдніх школ №1 і Бароўскай ім. Г.К. Жукава было моцным, адчувалася, што хлопцы настроены сур'ёзна. Матч завяршыўся перамогай СШ №1.
Не менш напружаныя баталіі ішлі і ў матчах сярод іншых каманд.
Добрых слоў заслугоўваюць хлопцы з сельскіх школ. Ім было няпроста спаборнічаць са старэйшымі па ўзросце валейбалістамі, але вопыт яны ад гульні атрымалі добры. Сапраўдная барацьба разгарнулася ў фінале паміж камандай Слабадской сярэдняй школы імя М.М. Пшёнка Лепельскага раёна і каледжам, якая доўжылася больш за 50 хвілін. Да канца было незразумела, хто ж зойме першае месца ў турнірнай табліцы.
Прыйшоў час расказаць пра прызёраў і пераможцаў. Золата сярод дзяўчат «узялі» вучні гімназіі ім. І. М. Ерашова г. Лепеля, срэбную перамогу атрымала СШ№1, на трэцім месцы апынуліся дзяўчаты з СШ №3.
Сярод юнакоў «бронзу» заваявалі навучэнцы з СШ №3, другое месца занялі хлопцы з Слабады, на самай высокай прыступцы п’едэстала апынулася каманда Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Па заканчэнні мерапрыемства айцец Сергій падзякаваў хлопцаў за сумленную і захапляючую гульню і пажадаў новых перамог.
Каманды, якія занялі 1-е, 2-е і 3-е месцы сярод юнакоў і дзяўчат узнагароджаны кубкамі і салодкімі прызамі ад Лепельскага РК ГА «БРСМ», медалямі сектара спорту і турызму райвыканкама, граматамі і падарункамі ад Лепельскага благачыння Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.

Кіраўніцтва сектара спорту і турызму райвыканкама выказвае словы падзякі дырэктарам гімназіі ім. І. М. Ерашова Святлане Карабань і СШ №3 г.Лепеля Аляксандру Бруцкаму-Сцямпкоўскаму за прадастаўленую магчымасць правесці калядны турнір на базе іх устаноў.


Наталля Храпавіцкая. Газета "Лепельскі край"