11 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сімфа-рок праграма "Ураган" Прэзідэнцкага аркeстра Рэспублікі Беларусь аб'яднае сёння на "Славянскім базары ў Віцебску" меламанаў розных пакаленняў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі форуму. Калектыў пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна выканае ў канцэртнай зале "Віцебск" шэдэўры класікі року такіх выканаўцаў, як Scorpions, Quenn, Guns'n'Roses, Metallica, Deep Purple, Aerosmith. Прагучыць музыка, якой захаплялася моладзь ад 70-х да 2000-х гадоў. Музыканты аркeстра дастаткова маладыя (іх сярэдні ўзрост складае 30 гадоў), але ў той жа час многія з іх ужо з'яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі прэстыжных конкурсаў. У праграме "Ураган" сольныя інструментальныя фрагменты выканаюць Ягор Дзыгун, Улад Мазуркевіч (гітара), Мікалай Піскароў (трамбон), Ганна Церахава (тэнар-саксафон), Сяргей Лапко (альт-саксафон), Андрэй Маўрын (ударныя), Сяргей Кунцэвіч (бас-гітара), Яраслаў Неверковіч (клавішныя). У выкананні папулярнага беларускага спевака і тэлевядучага Георгія Калдуна прагучаць шэдэўры року. Вакальную партыю The final countdoun (written by Europe) выканае саліст Яўген Слуцкі. У праграме выступіць таксама юны вакаліст, пераможца Дзіцячага тэлевізійнага конкурсу "Я - спяваю" Набіль Зарук, які выканае адзін з самых папулярных твораў другой паловы XX стагоддзя "Адажыа" Альбіоні. "Прафесіяналізм аркeстрантаў, высокі выканальніцкі ўзровень і жывы гук - такія складнікі сімфа-рок-праграмы "Ураган", - падкрэслілі ў дырэкцыі. Насычаны канцэртамі дзень уключае і сольныя выступленні ў Летнім амфітэатры Аляксандра Разенбаўма, Ірыны Алегровай, а таксама начную праграму "Песні лета", у якой свае хіты выканаюць Сяргей Лазараў, Канстанцін Легастаў, Жанна Фрыске, Дзмітрый Калдун, трыумфатар Еўравідэння-2009 Аляксандр Рыбак, Ірына Білык і іншыя выканаўцы. Вядучым канцэрта будзе Цімур Радрыгез.-0-

БЕЛТА